Пад Жлобінам адначасова сутыкнуліся 10 аўтамабіляў
17 лістапада ў Жлобінскім раёне на адным з участкаў аўтадарогі адначасова адбылося два дарожна-транспартных здарэнні.
Як паведамілі ва УДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама, 17 лістапада прыкладна ў 8.00 кіроўца аўтамабіля «Мэрсэдэс» на мосце праз раку Днепр не справіўся з кіраваннем з-за слізкай дарогі і наехаў на агароджу моста. Яшчэ чатыры легкавыя аўтамабілі, якія рухаліся ззаду ў тым жа кірунку, ужылі экстраннае тармажэнне, але з-за слізкай дарогі не змаглі пазбегнуць сутыкнення адзін з адным.
Пасажыр аднаго з аўтамабіляў узяў знак аварыйнага прыпынку і пабег назад, каб спыніць транспартны паток.
Прыкладна ў 150 метрах ад месца здарэння, пабачыўшы чалавека, які бег са знакам аварыйнага прыпынку, кіроўца легкавога аўтамабіля з паўпрычэпам затармазіў. Грузавы аўтамабіль «МАЗ», што рухаўся за ім, таксама экстранна затармазіў, ад чаго яго развярнула і ён сутыкнуўся з прычэпам, а затым наехаў на агароджу моста.
У выніку сутыкнення прычэп адарваўся ад легкавога аўтамабіля. Яшчэ тры легкавыя аўтамабілі ў спробе аб’ехаць месца ДТЗ прымянілі экстраннае тармажэнне, але на слізкай дарозе сутыкнуліся адзін з адным. Людзі ў ДТЗ не пацярпелі.
Супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі складзены пратакол у дачыненні да службовай асобы ДЭУ № 47 УП «Гомельаўтадар» за парушэнне правілаў утрымання дарог. Службовая асоба будзе прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
[youtube id=”x8YZOEni-iM”]
Фота onliner.by