Пад Жлобінам загінуў „здабытчык” металалому



Каля вёскі Нівы Жлобінскага раёна з-за абсыпання грунту ў яме загінуў чалавек.

МНС

Паведамленне пра здарэнне паступіла выратавальнікам днём 1 снежня. У яме памерамі 3 на 5 метраў апынуўся засыпаным 34-гадовы мужчына. Работнікі МНС рыдлёўкамі раскапалі зямлю і дасталі на паверхню загінулага.

Як паведамілі БелаПАН у Гомельскім абласным упраўленні МНС, падчас расследавання ўстаноўлена, што двое непрацуючых мужчын шукалі металалом ў зямлі, на месцы былой гарадской звалкі. Працы праводзілі кожны дзень з 28 лістапада.

Яны выкапалі рыдлёўкамі яму глыбінёй каля чатырох метраў. Падчас чарговых пошукаў адбылося абсыпанне грунту ў яме, дзе знаходзіўся адзін з капальнікаў. Яго напарнік паспрабаваў самастойна дастаць пацярпелага, аднак праз паўгадзіны звярнуўся па дапамогу да мужчыны, які праязджаў міма на аўтамабілі. Той пазваніў у „101”.