Пададзена заяўка на „Чарнобыльскі шлях”



У Менгарвыканкам пададзена заяўка на праядзенне ў Менску шэсця і мітынгу ў 30-ую гадавіну Чарнобыльскай катастрофы – 26 красавіка.

Чарнобыльскі шлях

(Фота bnp.by)

Па словах першага намесніка старшыні Беларускай партыі „Зялёныя” Дзмітрыя Кучука, які стаў адным з заяўнікаў мерапрыемства, сцэнар правядзення Чарнобыльскаг шляху будзе традыцыйным, які ўжо склаўся ў апошнія годы.

Месца збору ўдзельнкаў у 18 гадзін каля Акадэміі навук:

– Гадзіну мы будзем праводзіць каля Акадэміі навук, пасля шэсце да капліцы на Бангалор, і там яшчэ будзе дадаткова гадзіна часу для таго, каб правесці мітынг і ўскласці там кветкі ці правесці нейкія мерапрыемствы. Адзін з нашых пасылаў для грамадства – 30 гадоў, але Чарнобыль толькі цяпер пачынаецца, бо вялікая праблема звязаная з тымі тэрыторыямі, якія былі забруджаныя пасля Чарнобылю.

Па словах Дзмітрыя Кучука, эксперты папярэджваюць, што пасля 30 гадоў з моманту катастрофы на Чарнобыльскай АЭС праблема захворванняў, у прыватнасці анкалагічных, можа абвастрыцца.

У той жа час замест павелічэння дапамогі ахвярам аварыі і ліквідатарам, улады Беларусі наадварот, пазбавілі іх льготаў. краіна, якая найбольш пацярпела ад гэтай катастрофы, менш за ўсё ўвагі надае гэтай праблеме.

Важнасць Чарнобыльскага шляху ў тым, што ён дазваляе мабілізаваць людзей, нагадаць ім аб вострых і важных праблемах, лічыць Дзмітрый Кучук.

Па словах аднаго  з заяўнікаў мерапрыемства, кіраўніка Менскай гарадской арганізацыі Руху „За свабоду” Юрася Меляшкевіча, хаця з моманту аварыі мінула 30 год, але катастрофа ўсё яшчэ працягваецца:

– Улады адказныя за лёсы людзей, за здароўе, за змяншэнне наступстваў катастрофы, яны працягваюць хлусіць людзям пра сапраўдныя наступствы і маштабы трагедыі. Таксама пры гэтым мы павінны памятаць, што ў Беларусі рэалізуецца ядзерны праект і Астравецкая станцыя – гэта пагроза для Беларусі. Мы выбралі лозунг “Не Астравецкай АЭС” – гэта асноўны мэсыдж, пасыл, які мы скіроўваем да людзей, да грамадства, каб яны падтрымалі яго ў час сёлетняга “Чарнобыльскага шляху”.

Заяўку падпісалі сябры створанага аргкамітэта па правядзенню „Чарнобыльскага шляху”. Гэта прадстаўнікі Руху „За свабоду” Партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, аргкамітэта па стварэнню партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Руху салідарнасці „Разам”, Беларускай партыі „Зялёныя”, Беларускай сацыал-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск