Пададзена заяўка на „Чарнобыльскі шлях” па новым маршруце (абноўлена)
Арганізатары “Чарнобыльскага шляху” афіцыйна падалі заяўку на правядзенне акцыі. Абсалютная большасць удзельнікаў аргкамітэта прытрымліваюцца меркавання, што трэба дабівацца таго, каб акцыя была санкцыянаванай.
Брутальны разгон Дня Волі, безумоўна, адкладае адпаведны адбітак на падрыхтоўку “Чарнобыльскага шляху” ў гэтым годзе, як кажа адзін з заяўнікаў, намеснік старшыні Руху “За свабоду” Юрый Меляшкевіч.
– Усё залежыць, канешне ж, ад узроўню страху, які пануе зараз у грамадстве. Можа, за гэты месяц будзе адкат у рэпрэсійных дзеяннях улады, і тады людзі больш разняволена выйдуць на акцыю памяці трагедыі – Чарнобыльскай катастрофы. Я спадзяюся, што людзі выйдуць, бо гэта важная дата для Беларусі, дзеля памяці пра тэхнагенную катастрофу, якая напаткала ўсё чалавецтва, не толькі Беларусь.
У гэтым годзе “Чарнобыльскі шлях” пойдзе па новым маршруце. Мяркуецца сабрацца каля будынка Опернага тэатра, а потым прайсці шэсцем па вуліцы Багдановіча да Чарнобыльскай капліцы. Канчатковае рашэнне па фармаце акцыі будзе прынятае ў залежнасці ад таго, ці зацвердзяць улады гэты маршрут.
* * *
У Менгарвыканкам пададзена заяўка на правядзенне 26 красавіка традыцыйнай акцыі „Чарнобыльскі шлях”.
Як паведаміў БелаПАН адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД) Дзяніс Садоўскі, заяўка пададзеная 3 красавіка. Подпісы пад ёй паставілі намеснікі старшыняў Партыі БНФ Ігар Лялькоў, Беларускай партыі „Зялёныя” Дзмітрый Кучук, руху „За Свабоду” Юрый Меляшкевіч, а таксама прадстаўнікі БХД Аляксандр Кавалькоў і кампаніі „Гавары праўду” Віталь Лакотка.
Заяўнікі просяць гарадскія ўлады дазволіць збор удзельнікаў акцыі каля тэатра оперы і балета і наступнае шэсце па вуліцы Максіма Багдановіча да чарнобыльскай капліцы, размешчанай у раёне плошчы Бангалор.
„Лічым, што гэты маршрут падыходзіць і нам, бо ён новы, і ён можа задаволіць ўладу. Зразумела, што пасля 25 сакавіка мірна прайсціся па цэнтры нам бы ніхто не даў. Калі акцыя будзе дазволена, мы гарантуем яе мірнае правядзенне”, — сказаў Садоўскі.
На пасяджэнні аргкамітэта „Чарнобыльскага шляху” 30 сакавіка было заяўлена, што канчатковае рашэнне па фармаце акцыі будзе прынята ў залежнасці ад таго, ці зацвердзяць улады новы маршрут. Абсалютная большасць удзельнікаў аргкамітэта сышлася ў меркаванні пра неабходнасць дамагацца таго, каб акцыя была санкцыянаваная.
У аргкамітэт акцыі ўваходзяць прадстаўнікі Партыі БНФ і яе моладзевай структуры — „Моладзь БНФ”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай партыі „Зялёныя”, аргкамітэта па стварэнні партыі „БХД”, кампаніі „Гавары праўду”, а таксама рухаў „За Свабоду” і „Разам”, паведамляе БелаПАН.
Беларускае Радыё Рацыя