Пададзена заяўка на правядзенне „Астравецкага шляху” ў Радашковічах



Заяўка на правядзенне акцыі „Астравецкі шлях” 26 чэрвеня ў Радашковічах пададзена 11 чэрвеня заказным лістом у Маладэчанскі райвыканкам. Пра гэта БелаПАН паведаміў намеснік старшыні Беларускай партыі „Зялёныя” Дзмітрый Кучук.

„Заяўка пададзена ў Маладэчанскі райвыканкам, бо менавіта на тэрыторыі гэтага раёна знаходзіцца гарадскі пасёлак. Спадзяемся на станоўчы адказ”, — сказаў ён.

Заяўку падпісаў актывіст руху салідарнасці „Разам” Валерый Быкоўскі. У выпадку адмовы ў правядзенні акцыі арганізатары плануюць правесці ў Радашковічах экскурсію.

Нагадаем, сёлета аргкамітэт „Чарнобыльскага шляху” (які штогод праходзіць 26 красавіка, у гадавіну аварыі на ЧАЭС) вырашыў праводзіць акцыі кожны месяц 26-га чысла ў гарадах і пасёлках, размешчаных паміж Менскам і Астраўцом: Заслаўі, Радашковічах, Маладэчне, Вілейцы, Смаргоні, Ашмянах. Серыя акцый павінна завяршыцца 26 лістапада ў Астраўцы.

Акцыя ў Заслаўі дазволена не была. Улады патлумачылі адмову тым, што заяўка павінна была падавацца не ў мясцовы гарвыканкам, а ў Мінскі райвыканкам.

У выніку 26 мая ў Заслаўі каля двух дзясяткаў актывістаў розных дэмакратычных партый і арганізацый наведалі памятныя мясціны горада і правялі круглы стол па атамнай праблематыцы.

Нягледзячы на гэта, удзельнікам мерапрыемства сталі паступаць пратаколы па артыкуле 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Яны былі складзеныя ў дачыненні да Кучука, Вячаслава Сіўчыка, Ігара Лялькова, Яна Лагвіновіча і іншых.

belapan.by

Фота bchd.info