Пададзена заяўка на святкаванне 25 сакавіка
У Менскі гарвыканкам пададзена заяўка на святкаванне 25 сакавіка стагоддзя абвяшчэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.
Па словах прадстаўніка грамадскай кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Максіма Вінярскага, заяўка пададзена не ад партый. Яе асабіста падпісалі 13 грамадзян, якія з’яўляюцца сябрамі вядучых дэмакратычных партый і арганізацый Беларусі:
– Маршрут заяўлены з Якуба Коласа да Пляца Волі па праезжай частцы праспекта Незалежнасці. Плануецца святочны мітынг-канцэрт на Пляцы Волі, пачатак а 14-й гадзіне і да 18-й гадзіны канцэрт.
Раней ад імя Нацыянальнага аргкамітэта па арганізацыі святкавання стогаддзя стварэння БНР уладам было прапанавана рабіць гэта сумесна. Аднак, па меркаванні сустаршыні працоўнай групы па арганізацыі святкавання, прадстаўніка „Еўрапейскай Беларусі” Яўгена Афнагеля, апошнія дзеянні ўладаў паказваюць, што наўрад ці гэтыя прапановы пачутыя:
– Мы пару дзён назад ад імя аргкамітэта прапанавалі ўладам сумесна адзначаць гэты дзень, які безумоўна важны для дзяржаўнасці Беларусі. Мы атрымалі фактычна адказ ад уладаў у выглядзе блакіроўкі буйнейшага незалежнага сайта „Хартыя-97”.
„Калі ўлады працягнуць дзейнічаць у такім рэчышчы, то наўрад ці можна весці гаворку пра нейкія сумесныя дзеянні з імі”, – лічыць Яўген Афнагель.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск