Пададзены паведамленні аб правядзенні 25 мітынгаў супраць завода АКБ
У Брэсцкі гарвыканкам пададзеныя паведамленні аб правядзенні 25 мітынгаў супраць акумулятарнага завода. Заяўнікамі акцый выступілі Раман Кісляк і Алена Галуза.
Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Кісляк, мітынгі намячаюцца па нядзелях у сакавіку—жніўні на пляцоўцы каля сцэны ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, якая вызначана мясцовай уладай для правядзення масавых мерапрыемстваў: тры мітынгі — 15, 22 і 29 сакавіка, па чатыры — у красавіку, чэрвені і ліпені, па пяць — у маі і жніўні. Паведамленне аб правядзенні акцыі на 15 сакавіка пададзенае ў гарвыканкам 4 сакавіка, на астатнія — 6 сакавіка.
„Галоўная мэта мітынгаў — запатрабаваць канчатковага закрыцця гэтага вельмі шкоднага прадпрыемства. Рашучасць закрыць завод у людзей толькі ўзрастае. Асабліва цяпер, калі там спрабуюць нелегальна правесці пусканаладачныя работы, — заявіў Кісляк. — Жыхары Брэста супраць таго, каб над імі і іх дзецьмі ставілі эксперыменты па ўздзеянні свінцу. Такога небяспечнага завода не павінна быць у непасрэднай блізкасці ад Брэста і найбліжэйшых вёсак”.
28 лютага праваабаронца падаў у Брэсцкі райвыканкам заяўкі на правядзенне сямі мітынгаў супраць акумулятарнага завода. Штодзённыя двухгадзінныя акцыі намячаюцца з 16 па 22 сакавіка побач з заводам у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”.
Адказ з райвыканкама на гэтыя заяўкі Кісляк яшчэ не атрымаў.
Раней Брэсцкі райвыканкам забараніў правядзенне 15 мітынгаў супраць акумулятарнага завода. Яны намячаліся з 1 па 15 сакавіка на стадыёне дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы „Прыбужжа” (вёска Тэльмы Брэсцкага раёна), які вызначаны пастаянным месцам для правядзення масавых мерапрыемстваў.
Паводле слоў Кісляка, райвыканкам у сваім адказе на паведамленні аб правядзенні мітынгаў адзначыў, што рашэннем выканкама ад 4 лістапада 2019 года стадыён не ўключаны ў пералік пастаянных месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў.
Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Брэсце і Брэсцкім раёне 285 мітынгаў, 12 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка 2018 года мітынг „Брастаўчанкі супраць свінцу”, на які прыйшло каля дзвюх тысяч чалавек.
Праціўнікі завода збіраюцца з 25 лютага 2018 года кожную нядзелю на плошчы Леніна ў Брэсце.
Акумулятарны завод ТАА „АйПаўэр” пабудаваны на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у СЭЗ „Брэст”. На заводзе плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Брэста і Брэсцкага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта.
У чэрвені 2019 года Брэсцкі аблвыканкам прыпыніў будаўніцтва завода „да ліквідацыі выяўленых парушэнняў”, а абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прыпыніў дазвол прадпрыемству на выкід забруджвальных рэчываў у атмасферу.
У ліпені праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы. У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала падача недакладных дадзеных.
У жніўні праектная дакументацыя акумулятарнага завода была паўторна пададзеная на дзяржаўную экалагічную экспертызу.
У верасні стала вядома, што кампанія адклікала праектную дакументацыю акумулятарнага завода з дзяржаўнай экалагічнай экспертызы „па прычыне неабходнасці ўсебаковага і больш поўнага адлюстравання інфармацыі аб унесеных зменах”.
У гэтым жа месяцы Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Брэсцкай крэпасці заявіў, што ён „на баку людзей”, якія занепакоеныя праблемамі, звязанымі з уводам у эксплуатацыю акумулятарнага завода. Паводле слоў Лукашэнкі, неабходна даць мясцовым жыхарам права правесці экспертызу будаўніцтва прадпрыемства. „Толькі яны будуць вырашаць, ці быць гэтаму заводу і якім будзе гэты завод”, — падкрэсліў ён.
4 лютага 2020 года праектная дакументацыя акумулятарнага завода пасля карэкціроўкі была пададзеная на дзяржаўную экалагічную экспертызу.