Пададзены заяўкі на пікеты ў падтрымку бязвізавага руху



Актывісты кампаніі „За малы памежны рух” пры падтрымцы аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” падалі заяўкі на правядзенне 21 пікета ў падтрымку бязвізавага руху з Польшчай і Літвой.

Як паведаміў адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі, грамадства ў гэтым моцна зацікаўлена і падаваць заяўкі на пікеты трэба не зважаючы на шматлікія адмовы:

– Тыя, хто там пражываюць, безумоўна яны зацікаўлены ў тым, каб гэта як мага хутчэй стала рэальнасцю, бо безумоўна ёсць запатрабаванасць у грамадстве. У прынцыпе спадзяванне, што можа дзякуючы масавасці можа быць і гэтым разам хаця б адзін пікет зможа адбыцца з тых, што мы падалі заяўкі. Хоць безумоўна мы разумеем, што шансаў на гэта мала, але гэта не значыць, што не трэба раз за разам спрабаваць.

Заяўкі пададзены ў 19 гарадах і раённых цэнтрах, якія ўваходзяць у зону дзеяння пагадненняў аб малым памежным руху з Польшчай і Літвой, у тым ліку ў Берасці, Жабінцы, Маларыце, Пружанах, Гародні, Ваўкавыску, Астраўцы, Ашмянах, Лідзе і Смаргоні.

Актывісты кампаніі лічаць, што ціск з боку грамадства павінен узмацніцца, калі ўлады самі ініцыявалі перамовы з Еўразвязам аб візавай лібералізацыі.

Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя