Пададзены заяўкі на правядзенне 17 мітынгаў супраць акумулятарнага завода
У Берасцейскі райвыканкам пададзеныя заяўкі на правядзенне яшчэ 17 мітынгаў супраць акумулятарнага завода пад Берасцем, паведаміў БелаПАН заяўнік акцый праваабаронца Раман Кісляк.
Трынаццаць мітынгаў плануюцца (16—28 верасня) побач з заводам у СЭЗ „Брэст”, па два (14 і 15 верасня) на стадыёне дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы „Прыбужжа” ў вёсцы Тэльмы і на пляцоўцы перад Домам культуры ў гэтай вёсцы.
„На гэты момант на верасень заяўлена 35 мітынгаў супраць акумулятарнага завода. Іх галоўная мэта — патрабаваць канчатковага закрыцця гэтага надзвычай шкоднага для здароўя людзей прадпрыемства”, — заявіў праваабаронца.
Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Брэсце і Брэсцкім раёне 220 мітынгаў, 12 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка 2018 года мітынг „Брастаўчанкі супраць свінцу”, на які прыйшлі каля дзвюх тысяч чалавек.
Праціўнікі завода збіраюцца з 25 лютага 2018 года кожную нядзелю на плошчы Леніна ў Берасці.
Акумулятарны завод ТАА „АйПаўэр” пабудаваны на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у СЭЗ „Брэст”. На заводзе плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта.