Пададзены заяўкі на правядзенне акцый супраць завода АКБ



Жыхары Берасця зноў падалі пяць заявак на правядзенне масавых мерапрыемстваў у знак пратэсту супраць працы акумулятарнага завода „АйПаўэр”. Чатыры з іх у Берасцейскі райвыканкам на мітынгі 5, 12, 19 і 26 траўня на стадыёне у вёсцы Тэльмы і адну ў гарвыканкам на 1 траўня ў Парку воінаў-інтэрнацыяналістаў. Каментуе праваабаронца Раман Кісляк:

– Мы будзем падаваць заяўкі надалей. І калі ўлады будуць нам адмаўляць, то будуць відавочныя іх несумленныя дзеянні. І я думаю, што рана ці позна мы даб’ёмся таго, каб правесці паўнавартасны масавы мітынг.  

За больш чым год пратэстаў супраць завода „АйПаўэр” ягонымі праціўнікамі былі пададзены дзясяткі заявак на масавыя мерапрыемствы, і толькі па адной з іх быў атрыманы дазвол. Дазволены мітынг „Берасцейкі супраць свінца” адбыўся ў Парку воінаў-інтэрнацыяналістаў 29 красавіка 2018. У ім прынялі ўдзел па некаторых дадзеных каля трох тысяч чалавек. Акрамя таго, людзі ў знак пратэсту штонядзелю выходзяць на плошчу Леніна у Берасці на так званае „кармленне галубоў” пасля чаго рушаць шэсцем па цэнтральнай частцы горада.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце