Пададзены заяўкі на правядзенне пікетаў супраць акумулятарнага завода
Заяўкі на правядзенне трох пікетаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пададзеныя 25 чэрвеня ў Берасцейсцкі гарвыканкам.
Як паведаміў БелаПАН адзін з заяўнікаў акцый Дзмітрый Бекалюк, чатырохгадзінныя пікеты плануюцца 14, 15 і 18 ліпеня ў цэнтры Берасця.
Мэта пікетаў — выказванне пратэсту супраць будаўніцтва завода свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй „АйПаўэр” блізу горада і шэрагу населеных пунктаў Берасцейскага раёна, інфармаванне аб парушэннях, дапушчаных ужо існымі прадпрыемствамі групы кампаній „1АК”.
„Таксама мы хочам давесці да жыхароў рэгіёна змест адказу ўрадавай камісіі на калектыўны зварот супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, пад якім падпісаліся тысячы жыхароў рэгіёна. Мы дамагаемся легальнай магчымасці выказаць пратэст супраць гэтага небяспечнага прадпрыемства”, — сказаў Бекалюк.
Ён адзначыў, што раней актывісты падавалі заяўкі на правядзенне ў шэрагу акцыяў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Гарвыканкам санкцыянаваў толькі адну: 29 красавіка мітынг „Брастаўчанкі супраць свінцу” на ўскраіне Берасця, у парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, на які сабралася прыкладна дзве тысячы чалавек.
Мясцовая ўлада забараніла ўсе заяўленыя акцыі ў цэнтры горада: два мітынгі (31 сакавіка і 10 чэрвеня) і дэманстрацыю і мітынг „Марш супраць свінцу” (3 чэрвеня), сем пікетаў (22, 23, 25, 27, 28, 29 і 30 чэрвеня). Падставай для забароны стала тое, што ў адпаведнасці з рашэннем гарвыканкама на заяўленых пляцоўках не дапускаецца правядзенне масавых мерапрыемстваў. З-за аналагічнай прычыны райвыканкам не дазволіў правядзенне 19 і 26 чэрвеня пікетаў пад лозунгам „Заводу тут не месца” побач з будаўнічай пляцоўкай акумулятарнага завода.
22 чэрвеня група жыхароў Берасця і Берасцейскага раёна накіравала ў Менскі гарвыканкам заяўкі на правядзенне шасці пікетаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Тры пікеты плануюцца на пляцоўцы каля будынка Адміністрацыі прэзідэнта на вуліцы Карла Маркса, яшчэ тры — ля Дома ўрада на плошчы Незалежнасці.
Узвядзенне акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. Будуе прадпрыемства ТАА „АйПаўэр” — рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык — кітайскае ТАА „Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.
Жыхары лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Амаль 37 тыс. подпісаў супраць будаўніцтва завода былі перададзеныя ў Адміністрацыю прэзідэнта ў лютым. Аднак урадавая камісія не выявіла парушэнняў у рэалізацыі праекта па будаўніцтве завода. 17 мая на гэты адказ была накіраваная адпаведная скарга на імя Аляксандра Лукашэнкі.
Акрамя таго, 11 мая на імя Лукашэнкі быў накіраваны зварот жыхароў Берасця і Берасцейскага раёна з просьбай вызваліць ад пасады старшыняў брэсцкіх аблвыканкама, гарвыканкама і райвыканкама ў сувязі са стратай даверу. Пад гэтым дакументам падпісаліся 3.226 чалавек.
З 25 лютага кожную нядзелю на плошчу Леніна ў Берасці прыходзяць праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Яны стаяць групамі, гутараць, абмяркоўваюць навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства, кормяць галубоў.