Падала скаргу на міліцыянтаў – атрымала 2 штрафы
Жыхарка Віцебска Таццяна Філімонава прыйшла ў абласное ўпраўленне МУС на асабісты прыём да намесніка кіраўніка віцебскай міліцыі.
Яна падала скаргу на дзеянні міліцыянтаў, якія затрымалі яе 11-га верасня ў вулічнай кавярні, запісаўшы ў пратаколе, што яна брала ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі. Скаргу ў яе прынялі, аднак каля кабінета жанчыну чакаў супрацоўнік аддзела міліцыі Першамайскага раёна, які вывеў яе з будынка праз службовы ўваход і гвалтам адвёз у суд. На падставе двух пратаколаў суддзя Міхаіл Юрчанка аштрафаваў Таццяну Філімонаву на 40 базавых велічынь, у тым ліку і за інцыдэнт, паводле якога яна падавала скаргу.
675 рублёў штрафу прысудзілі толькі за тое, што піла каву, кажа Тацяна Філімонава:
– Пратаколы ж у іх напісаны “пад капірку”: брала ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, скандавала лозунгі, пляскала ў ладкі. Я хадайнічала, каб суд перанеслі – каб я магла запрасіць сведак. Але суддзя адмовіў, і падставай, каб прызнаць мяне вінаватай, стаў усяго толькі рапарт супрацоўніка, які мяне затрымліваў.
Жанчына прыгадвае, што сігнал яе затрымаць супрацоўнік міліцыі атрымаў праз рацыю: яна выдатна чула сваё прозвішча. Таццяна Філімонава мяркуе, што трапіла пад асабісты кантроль міліцыянтаў: другі штраф ёй прысудзілі за ўдзел у мірным шэсці 21-га жніўня таксама паводле сведчання супрацоўніка міліцыі, які яе там нібыта бачыў. На відэа, прадэманстраваным у судзе, сама падсудная сябе не пазнала. Яна мяркуе, што трапіла пад пільную ўвагу яшчэ падчас выбарчай кампаніі: упершыню Таццяну Філімонаву аштрафавалі, калі яна прыйшла падпісацца за вылучэнне кандыдатаў на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах.
Гутарку цалкам слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск