Падарункі ад Моладзі БНФ тым, хто нарадзіўся 25 сакавіка
Моладзь БНФ падрыхтавала святочныя падарункі для людзей, якія нарадзіліся 25 сакавіка.
“Сотая гадавіна абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі – вельмі значная дата для ўсяго беларускага народа: у гэты дзень наша краіна атрымала незалежнасць. Гэта свята еднасці і кансалідацыі ўсіх беларусаў, сімвал нашага галоўнага дасягнення – уласнай самастойнасці, і таму вельмі важна адзначыць яго годна”, – адзначаецца ў заяве Рады Моладзі БНФ.
Ганна Смілевіч, кіраўнік Моладзі БНФ:
– Важнасць гэтай даты ў гісторыі нашай краіны безумоўная, аднак для некаторых беларусаў Дзень Волі свята ўдвайне, бо яны ў гэты дзень акрамя 100-годдзя Беларусі, будуць адзначаць і свой уласны дзень народзінаў. Таму на фоне ўсеагульнага святкавання мы вырашылі правесці сваю маленькую акцыю, паводле якой кожны чалавек, які адзначае свой дзень народзінаў у Дзень Волі – 25 сакавіка, зможа атрымаць сабе падарунак ад Моладзі БНФ. Такім чынам мы зможам не толькі ўшанаваць гістарычную дату, але і зробім невялічкае свята для некаторых беларусаў, якім пашчасціла нарадзіцца 25 сакавіка.
Каб атрымаць свой падарунак, кожны імяніннік, незалежна ад узросту, можа 25 сакавіка падысці да стэнда Партыі БНФ і Моладзі БНФ на свяце Незалежнасці з пашпартам і атрымаць свой падарунак.
Беларускае Радыё Рацыя