Падарункі для пераможцаў алімпіяды па беларускай мове



Традыцыйна лепшыя навучэнцы сярэдніх навучальных установаў Беларусі ўдзельнічаюць у прадметных алімпіядах. Гарадзенская абласная арганізацыя Таварыства Беларускай мовы імя Францішка Скарыны штогод рыхтуе падарункі пераможцам абласной алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. А іх будзе каля сямі дзясяткаў, бо і ўдзельнікаў столькі ж. Кажа сябра Абласной Рады ТБМ Іван Буднік.

– Гарадзенская ТБМ удзельнічае ўжо больш за дзесяць гадоў. Мы ўручаем памятныя кніжкі добрых беларускіх пісьменнікаў. Дарэчы, у мінулым годзе ўручылі падпіску на газеты.

Сёлета грамадская арганізацыя мела цяжкасці з фундатарамі. Але ўрэшце яны з’явіліся. Кажа адзін з супрацоўнікаў „Цэнтра гарадскога жыцця” Герман Сяргей.

– ТБМ у Гародні папрасіла быць фундатарамі алімпіяды па беларускай мове для школьнікаў. Ім патрэбны былі беларускія кніжкі ў якасці падарункаў.  Вось мы і аказалі невялічкую дапамогу дзеля агульнай беларускай справы. Мне даводзілася ўдзельнічаць у розных алімпіядах – па біялогіі, гісторыі, беларускай мове. Таму я ведаю, што гэта такое, і як важна стымуляваць вучняў.

Па выніках абласной алімпіяды, якія будуць падведзеныя ў пятніцу 12-га  студзеня, з’явяцца пераможцы, якія пазмагаюцца ў агульнанацыянальнай алімпіядзе, якая пройдзе ў Менску. Некаторыя пераможцы, пры паступленні ў ВНУ, будуць вызвалены ад здачы экзамена па беларускай мове.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня