Падаткавікі патрабуюць ад праваабаронцы дэкларацыю за 3 гады
Ад гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі падаткавікі патрабуюць дэкларацыю за тры гады. Па яго словах, такая пільная ўвага да яго асобы можа быць звязаная з праваабарончай дзейнасцю ды пачатай раней супраць яго крымінальнай справай.
Як кажа Леанід Судаленка, хаця ён ужо жыве ў аграгарадку Бабовічы, які належыць да Гомельскага раёна, патрабаванне аб падачы дэкларацыі прыйшло да яго з падатковай інспекцыі Савецкага раёна абласнога цэнтра.
Леанід Судаленка мяркуе, што гэта нейкім чынам можа быць звязана з пачатай раней крымінальнай справай па факце распаўсюду з яго ўзламанай паштовай скрыні парнаграфіі. Порнавідэа было адпраўлена акурат на адрас падатковай інспекцыі Савецкага раёна:
– Зразумела, што паводле заканадаўства падатковая інспекцыя мае права патрабаваць ад кожнага грамадзяніна, але ж мы ведаем, што падатковая ад кожнага грамадзяніна гэтага не патрабуе. Яна патрабуе ад грамадскіх ды палітычных актывістаў. У мяне, як у праваабаронцы, падатковая ўжо цягам 15 год гэта заўсёды патрабуе. Можа таму, што ім тая парнаграфія спадабалася, якую праз маю скрыню разаслалі невядомыя.
Леанід Судаленка збіраецца падаць дэкларацыю аб падатках, калі атрымае адказ на свой запыт: па замове якога ведамства яго фінансамі цікавіцца падатковая інспекцыя Савецкага раёна Гомеля.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя