Падатковая інспекцыя пачала запрашаць да сябе „дармаедаў”
Падатковая інспекцыя стала рассылаць патэнцыйным плацельшчыкам «падатку на дармаедаў» афіцыйныя паведамленні пра неабходнасць у найкарацейшыя тэрміны з’явіцца ў інспекцыю для тлумачэнняў наконт удзелу ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў.
Базу «дармаедаў» падатковым органам дапамагаюць весці КДБ, Следчы камітэт, Камітэт дзяржкантролю, Дзяржаўны памежны камітэт, Фонд сацыяльнай абароны, Міністэрства абароны, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Дзяржаўны камітэт судовых экспертызаў.
Грамадзяне, якія ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў (плацілі падаткі) менш за 183 дні на год, маюць сплаціць дзяржаве 20 базавых велічыняў (420 рублёў). Да 31 траўня яны маглі самастойна прызнацца падатковай у «дармаедстве» і атрымаць зніжку на выплаты ў 10%. Такіх знайшлося 580 чалавек, якія сплацілі 105 тысяч рублёў
За няплату «падатку на дармаедства» пагражае штраф у памеры 2-4 базавыя велічыні альбо адміністрацыйны арышт з абавязковым прыцягненнем да грамадскіх работ.
Фота belprauda.org