Падатковая інспекцыя высветляе, хто пералічваў грошы Паўлу Левінаву



Жыхары Віцебска пачалі атрымліваць позвы да падатковых інспектараў. Ім прапануюць або з’явіцца асабіста на размову, або даць пісьмовыя тлумачэнні, якія стасункі звязваюць іх з Паўлам Левінавым, і на якія мэты яны пералічвалі грошы на банкаўскую картку праваабаронцы.

Павел Левінаў кажа, што падаткавікоў раптам зацікавілі дабрачынныя ахвяраванні на барацьбу з каронавірусам:

– На маю картку ажыццяўляўся збор сродкаў у межах кампаніі ByCovid19, і  ўсе дасланыя сродкі былі выкарыстаны па прызначэнні – пайшлі на дапамогу лекарам. Калі падатковай інспекцыі больш няма чым заняцца, то яна займаецца валанцёрамі.

З нагоды таго, што супрацоўнікі розных структур спрабуюць знайсці нейкія патаемныя замежныя сродкі, якія нібыта выдаткоўваюцца на масавыя беспарадкі, віцебскі праваабаронца падкрэслівае:  апошні грашовы перавод на ягоную картку быў здзейснены яшчэ да прызначэння даты прэзідэнцкіх выбараў. Ахвяраваць грошы беларускім заканадаўствам не забаронена. Што да выкарыстання ахвяраванняў, то летась Павел Левінаў нават быў удзельнікам некалькіх перадач на дзяржаўных тэлеканалах,  дзе распавядаў пра дапамогу лекарам падчас першай хвалі каронавірусу.

Беларускае Радыё  Рацыя, Віцебск