Падатковая хоча спагнаць з Анжалікі Борыс каля 117 млн рублёў
Падатковая інспекцыя Ленінскага раёга Гародні мае намер спагнаць больш за 117 мільёнаў беларускіх рублёў (прыкладна шэсьць тысяч даляраў) са старшыні галоўнай рады непрызнаванага ўладамі Саюза палякаў Анжалікі Борыс. У адмысловым лісце намесніка кіраўніка падатковай інспекцыі гаворыцца, што Анжаліка Борыс павінна сплаціць пазыкі зліквідаванай 2 гады таму фірмы “Палоніка”, адным з заснавальнікаў і кіраўніком якой яна з’яўлялася.
На думку Анжалікі Борыс, такія захады падатковай інспекцыі маюць палітычны аспект:
– Гэта поўная бязглуздзіца. Але ў Беларусі часта так здараецца, што справы, якія ўжо закрылі, праз некалькі гадоў ізноў з’яўляюцца. Улада заўсёды імкнецца пакараць і закрыць рот тым людзям, якія вядуць актыўную грамадскую дзейнасць. Асабліва моцна ў апошні час намі была заангажавана адукацыйная дзейнасць па прасоўванні польскай асветы ў Беларусі.
Фірма “Палоніка” была ліквідавана ў 2014 годзе згодна з рашэннем Гарадзенскага абласнога гаспадарчага суда ў сувязі з банкруцтвам. Прычынай стала высокая грашовая кара, якую атрымала фірма за культурніцка-асветніцкую дзейнасць.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня