Падатковая шле жыхарам Глыбокага адпіскі



Жыхарам Глыбокага, якіх дзяржава палічыла так званымі “дармаедамі” прыйшлі адпіскі з падатковай.

На  свае скаргі і тлумачэнні, як мужчыны, так і жанчыны, атрымалі лісты падобнага зместу. У іх гаворыцца пра тое, што Дэкрэт № 3 не прадугледжвае прымусовай працы, тлумачыцца, хто з’яўляецца плацельшчыкам падатку на даданую вартасць ды іншае. А запыт людзей пра падрабязную калькуляцыю атрыманых сацыяльных паслугаў за 2015 год так і застаўся  па-за адказам. Падаткавікі спаслаліся на тое, што гэтае пытанне не па-сутнасці.

Да таго ж неабыякавыя грамадзяне Глыбокага і раёна,  якія паставілі свае подпісы пад зваротам аб скасаванні Дэкрэта №3, атрымалі адказ і з Адміністрацыі прэзідэнта. На думку людзей, зноў прыйшла чарговая адпіска. У ім гаворыцца пра мэты Дэкрэта №3, даецца тлумачэнне, хто з’яўляецца плацельшчыкам збору на дзяржаўнае фінансаванне, а хто не. Напрыканцы адказу з Адміністрацыі прэзідэнта нагадваюць пра магчымасць звяртацца ў мясцовыя органы ўлады па вызваленне ад выплаты збору ў сувязі з цяжкой жыццёвай сітуацыяй. І заключны акцэнт робяць на тое, што падстаў для ўнясення прапановаў прэзідэнту  па адмене Дэкрэта №3 не ўгледжваецца.

Але, нягледзячы на ўсе гэтыя адпіскі, людзі збіраюцца і надалей змагацца за свае канстытуцыйныя правы.

Беларускае Радыё Рацыя