Падазраваны ў замаху на забойства егера ў Крупскім раёне знойдзены мёртвым
Падазраваны ў замаху на забойства егера ў Крупскім раёне знойдзены загінулым, паведамляе афіцыйны тэлеграм-канал СК.
Па факце замаху на забойства асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ім службовай дзейнасці была заведзена крымінальная справа (ч.1 арт.14 п.10 ч.2 арт.139 Крымінальнага кодэкса). Цела падазраванага, 59-гадовага жыхара Барысаўскага раёна, выяўлена з агнястрэльным раненнем. „Абставіны смерці высвятляюцца. У следства ёсць падставы меркаваць, што меў месца суіцыд. Следчыя і працэсуальныя дзеянні па крымінальнай справе працягваюцца”, – праінфармавалі ў СК.
Як паведамляла раней следства, вечарам 26 траўня інспектар Барысаўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету і егер Крупскага падраздзялення Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў сустрэлі ў лесе паблізу вёскі Вялікія Жаберычы мужчыну з паляўнічай стрэльбай у руках. На просьбу прад’явіць дакументы на зброю мужчына адзін раз стрэліў з паляўнічай стрэльбы ў галаву егера і ўцёк у невядомым кірунку. Неадкладна былі выкліканыя экстранныя службы. Пацярпелы знаходзіцца ў рэанімацыі.