Падчас суда ў Сцяпана Латыпава здарыўся нярвовы зрыў
Сёння ў судзе Савецкага раёна Менска працягнуўся суд над палітзняволеным жыхаром «Плошчы Пераменаў» Сцяпанам Латыпавым, паведамляе «Вясна».
На працэсе працягнулі допыт сведак, а таксама праслухоўку тэлефонных размоваў Сцяпана, якую вялі спецслужбы з чэрвеня 2020 года.
Падчас праслухоўкі аўдыё адной з сваіх размоваў з калегам, ён не вытрымаў у залі суда і кінуўся да кратаў з крыкамі «Твари, что вы творите?!». Пры гэтым, Сцяпан быў прыкаваны кайданкамі да канваіраў, яго адразу заламалі і паклалі на лаву, каб супакоіць.
Усіх прысутным сказалі пакінуць залю, родныя са слязьмі выйшлі ў калідор.
У судзе абвясцілі перапынак да 14:30.