Падчас святаў ахвярамі піратэхнікі сталі 66 чалавек



„З 25-га снежня па 8-е студзеня ў краіне ахвярамі піратэхнікі сталі 66 чалавек”, – паведамляе Міністэрства па надвычайных сітуацыях. Летась, за аналагічны перыяд калядна-навагодніх святаў было амаль столькі ж – 64 ахвяры.

Як паказвае статыстыка, чыннік няшчасных выпадкаў – грэблівае стаўленне да правілаў бяспекі, адзначае ратавальнік Аляксандр Чарвякоўскі:

– Трэба азнаёміцца з інструкцыяй, паглядзець, вызначыць бяспечную адлегласць, што звычайна апісваецца ў інструкцыі піратэхнічнага вырабу. Усе гэтыя траўмы атрыманыя менавіта з-за няправільнага ўжывання піратэхнічных вырабаў. Як след, падпальваюць зарад не ўпэўніўшыся якая затрымка, як ён дзейнічае, ён выбухае ў раках і наносіць пашкоджанні.

Усплёску траўматызму ад піратэхнікі ратавальнікі, як і медыкі, чакаюць яшчэ 13 студзеня – на Шчодры вечар, а таксама 19 студзеня – на Вадохрышча. У гэтыя святы таксама грамадзяне актыўна выкарыстоўваюць розныя піратэхнічныя вырабы.

Беларускае Радыё Рацыя