Падчас заняткаў затрымалі выкладчыцу журфака БДУ
Сёння, 14 снежня, падчас заняткаў была затрыманая Ксенія Мартуль, выкладчыца журналісцкага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Як піша тэлеграм-канал Задзіночання беларускіх студэнтаў, па Ксенію Мартуль «прыйшлі на пары людзі ў чорным і адвялі ў кабінет ідэолага». На наступных занятках яна не з’явілася.
Задзіночанне беларускіх студэнтаў паведамляе, што Ксенія займаецца асветніцкай дзейнасцю ў пытаннях гендэру ў мэдыяасяроддзі Беларусі і вядзе свой тэлеграм-канал. Цяпер з яе тэлеграм-канала выдалілі ўсе запісы і змянілі аватарку на дзяржаўны сцяг.
Крыніцы паведамляюць, што Ксенія Мартуль цяпер знаходзіцца на Акрэсціна, а заўтра яе будуць судзіць па адміністрацыйнай справе.