Падлетка судзілі за здзек над дзяржаўным сцягам
16-гадовага інваліда 2 групы Аляксандра Несцярука з пасёлка Антопаль старшыня суда Драгічынскага раёна Лявонцій Станкевіч прызнаў вінаватым у здзеку над дзяржаўным сцягам.
Было абвешчана рашэнне аб прымусовых мерах выхаваўчага характару ў выглядзе абмежавання волі па месцы жыхарства на шэсць месяцаў. Падлетак павінен знаходзіцца дома з 22 гадзін вечара да 6-ці раніцы, і раз у месяц з’яўляцца ў орган, які будзе ажыццяўляць кантроль за яго паводзінамі.
Маці хлопца не згодна з абвінавачваннямі, не было ў яго здзеку над сцягам, кажа яна:
– У яго ў думках не было апаганення. Такое напружанне цэлы месяц было, быццам цябе саджалі і абвінавачвалі ва ўсіх цяжкіх грахах. Хуліганскі матыў быў, але ногі не выціраў, не паказваў на публіку – вось як я апаганьваю.
Паводле сябра праваабарнчага цэнтра „Вясна” Сержука Русецкага, цяжка назваць сцягам палотнішча, якое не адпавядае строгім памерам. У ходзе суда бачна было, што хлопец не меў намераў здзекавацца над сцягам. Абвінавачванні міліцыі, следчых і пракуратуры цалкам надуманыя:
– Я думаў, што ў нашых умовах суд вымушаны будзе прысудзіць запатрабаваныя намеснікам пракурора Драгічынскага раёна 6 месяцаў „хатняй хіміі”. Аднак старшыня суда Драгічынскага раёна пастанавіў прымяніць замест пакарання прымусовыя меры выхаваўчага характара.
На думку праваабаронцы, пэўная заслуга ў гэтым прыватнага адваката, які звярнуў увагу на неадпаведнасць памераў палотнішча, якое не адпавядала строгаму эталону дзяржаўнага сцяга.
На Берасцейшчыне ўжо не першы інцыдэнт з дзяржаўным сцягам. У Берасці за спробу спаліць дзяржаўны сцяг 17-гадовы юнак асуджаны на паўгода “хатняй хіміі”.
Беларускае Радыё Рацыя