Падпісана Дэкларацыя аб прыняцці стратэгіі незалежнага медыяесектара



Дэкларацыю аб прыняцці стратэгіі незалежнага медыяесектара падпісалі ў Менску на офісе грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. На імпрэзе прысутнічала больш за сорак прадстаўнікоў незалежнай беларускай медыйнай прасторы.

Асноўным прыярытэтам стратэгіі з’яўляецца пераадоленне прававых і палітычных абмежаванняў свабоды слова.

Як кажа кіраўнік  ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэй Бастунец, стратэгія – гэта спроба погляду ў будучыню, вынік і паказчык супрацы медыясектару, кааперацыі, якая ў ім адбывалася.

– Гэта бліжэйшая будучыня – пяць гадоў. Але нават сёння мы не можам ведаць, як будзе выглядаць медыяпрастора ў краіне праз гэты час. І можа тое, што сёння выклікае вялікія пытанні, пратэсты ці задавальненні, можа ўсё гэта праз пяць гадоў будзе абсалютна нязначным. Па-другое, стратэгія – гэта погляд на сябе. Калі мы кажам пра стратэгію незалежнага медыясектару, то мы спрабавалі спачатку вызначыць, а што адносіцца да гэтага медыясектару. Каштоўнасці, якія мы падзяляем, – гэта ёсць магчыма адным з найбольшых галоўных вынікаў гэтай стратэгіі.

Распрацоўвалі Стратэгію амаль два гады. Удзел у яе падрыхтоўцы  прынялі прадстаўнікі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы „Аб’яднаныя масмедыя”, Фонда „Масавыя камунікацыі”, нацыянальных і рэгіянальных СМІ, медыяэксперты.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя