Падпісана міжурадавае пагадненне аб абслугоўванні памежных шляхоў



У канферэнц-зале Берасцейскага чыгуначнага вакзалу транспартнікі Беларусі і Польшчы падпісалі пагадненне, звязанае з эксплуатацыяй і абслугоўваннем памежных шляхоў.

Пра яго значэнне гаворыць Наздвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Польшча ў Менску Артур Міхальскі, які прысутнічаў на сустрэчы:

– Была ў Берасці сустрэча міністраў транспарту і інфраструктуры з абодвух бакоў. Анатоль Сівак і Анджэй Адамчык падпісалі пагадненне наконт утрымання мастоў. Гэта як бы тэхнічная дамова, але яна дае нейкую перспектыву. Я прысутнічаў на гэтых перамовах і магу сказаць, што тая інфраструктура, якая ёсць зараз, адсталая. Не мае таго ўзроўню, якога чакаюць ад нас грамадзяне Польшчы, Беларусі і суседзі, якія хочуць спакойна перасякаць мяжу, каб не было такіх вялікіх чэргаў.

Па словах пасла, абодва бакі выказалі спадзеў на тое, што пагадненне з’явіцца штуршком да паляпшэння і развіцця  чыгуначнага, аўтадарожнага і паветранага злучэнняў гарадоў абодвух краінаў.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота Мікалая Чэберкуса