Падпісанты звароту да дэпутаткі атрымалі штрафы і суткі



Штрафамі і арыштамі суды пакаралі групу жыхароў дому на вуліцы Нёманскай, 42, у Менску за спробу звярнуцца з калектыўным зваротам да дэпутаткі Ганны Старавойтавай.

Пра гэта паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна», адзначаючы, што сабраць подпісы пад зваротам прапанавала сама дэпутатка Палаты прадстаўнікоў.

Зварот тычыўся, сярод іншага, пытанняў адкрыцця межаў краіны на выезд, атрымання аб’ектыўнай статыстыкі адносна COVID-19, наяўнасці шапікаў «Табакерка» ў раёне.

Падпісантаў затрымалі 25 лютага і даставілі ў Фрунзенскі РУУС, дзе на іх склалі пратаколы паводле арт. 23.34. Потым іх змясцілі ў ізалятар на Акрэсціна. У судах былі задзейнічаныя шэсць суддзяў.

Алене Лабовіч з інваліднасцю першай групы  прысудзілі штраф 30 базавых велічыняў (ці 870 рублёў); Алена Шумейка павінна заплаціць такі ж штраф; Віталь і Таццяна Зайцавы, Сяргей Барнюк, Дарʼя Шабан, Валер Халадзінскі, Марыя Баран былі асуджаныя на 15 сутак арышту.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: nastgaz.by