Падрыхтаваны праект указа прэзідэнта аб рэгуляванні дзейнасці краўдфандынг-пляцовак



Падрыхтаваны праект указа прэзідэнта аб рэгуляванні дзейнасці краўдфандынг-пляцовак у інтэрнэце, паведаміў начальнік упраўлення эканомікі інавацыйнай дзейнасці Міністэрства эканомікі Дзмітрый Крупскі 25 красавіка на пасяджэнні круглага стала „Лічбавая трансфармацыя эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь”.

„У нас з’явіліся некаторыя элементы эканомікі ведаў — ёсць ужо некалькі краўдфандынгавых платформаў, — адзначыў Крупскі. — Чакаецца, што да канца года будзе прыняты ўказ прэзідэнта, які рэгламентуе дзейнасць краўдфандынгавых і краўдінвестынгавых платформаў. Гэты ўказ рыхтуецца ўжо прыкладна год, ён разгледжаны прафесійнай супольнасцю. Безумоўна, указ будзе прыняты, і такім чынам краўдфандынг як новы сацыяльны інстытут будзе ўкаранёны ў практыку гаспадарання і кіравання”.

Паводле слоў начальніка ўпраўлення, асноўным распрацоўшчыкам дакумента выступае Нацыянальны банк.

Пра тое, што ў Беларусі плануецца ўрэгуляваць падыходы да дзейнасці краўдфандынгавых пляцовак, упершыню паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення рэгулявання некредытных фінансавых арганізацый Нацбанка Дзмітрый Набздораў у лістападзе мінулага года. Паводле яго слоў, Нацбанк рэалізуе „стратэгічны праект па вызначэнні падыходаў да рэгулявання новых відаў мікрафінансавання з выкарыстаннем фінансавых тэхналогій, якія набываюць усё большую папулярнасць”.

Набздораў анансаваў распрацоўку праекта ўказа „Аб дзейнасці фінансавых інтэрнэт-пляцовак”. Згодна з канцэпцыяй праекта дагавор пазыкі будзе заключацца наўпрост паміж пазычальнікам і пазыкадаўцам. „Інтэрнэт-пляцоўка не будзе бокам па здзелцы. Нормы ўказа закліканыя вырашыць тыя пытанні, якія на сённяшні дзень робяць практычна немагчымым ў Беларусі развіццё краўдлэндынгу (анлайн-крэдытавання паміж фізічнымі асобамі. БелаПАН.) і краўдінвестынгу”, — адзначыў ён.

belapan.by