Падвойныя стандарты гарадзенскай міліцыі
Лаянка з боку шафёра таксі фірмы „Максім” і прымусовая высадка пасажыраў, якая адбылася ў Гародні, пацягнула заяву ў міліцыю грамадзянаў, з якімі так абышоўся таксіст, які ажыццяўляў транспартную паслугу. Гарадзенец Мікола Лемяноўскі хацеў госцю з Польшчы паказаць горад, а замест яго пачуў расейскі мат. Усё гэта пасажыр зафіксаваў на відэа і далучыў да заявы ў міліцыю. Але міліцыя Ленінскага аддзела ўнутраных спраў не лічыць лаянку адміністрацыйным правапарушэннем. Кажа Мікола Лемяноўскі:
– Наша беларуская міліцыя святкуе сваю чарговую гадавіну. Па тэлевізары ва ўсіх навінах ідзе пра тое, якая яна разумная, прыгожая і сумленная. Але ў гэтым канкрэтным выпадку я абсалютна не бачу сумленнасці нашай міліцыі. Я буду змагацца далей. Я напісаў скаргу датычна адмовы, далей напішу ў пракуратуру, я падам у суд. Прабачце, таварышы міліцыянты, але не на таго нарваліся.
Міліцыя не выконвае свае пасадовыя абавязкі, на думку Міколы, і не праводзіць належным чынам працэдуру праверкі і выяўлення адміністрацыйнага правапарушэння па прадастаўленых заявай фактах. Такім чынам, у іх дзеяннях можна ўбачыць праявы падвойных стандартаў да грамадзянаў Беларусі.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня