Падвучыць беларускую і не толькі на Zalesse summer camp



Агенцтва рэгіянальнага развіцця „Дзедзіч” запрашае хлопцаў і дзяўчат з Берасця і Берасцейскай вобласці на валанцёрскі летнік Zalesse summer camp.

Летнік пройдзе ў вёсцы Залессе Камянецкага раёна з 5 па 11 жніўня. Падрабязней пра мэты летніка кажа кіраўнік „Дзедзіча” Дзмітрый Шыманскі:

– Па-першае, знайсці цікаўную крэатыўную моладзь у Берасці, якую можна далучыць да дзейнасці берасцейскіх грамадскіх арганізацый. Па-другое, мы праводзім добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол дома Еўрапейскіх сустрэч, дзе будзе адбывацца мерапрыемства. І па-трэцяе, цікава і з карысцю правесці час, магчыма знайсці новых цікавых людзей у нашую арганізацыю, і проста адпачыць.

Акрамя згаданых мэтаў удзельнікі летніка змогуць палепшыць сваё валоданне беларускай мовай:

– Летнік будзе беларускамоўным. Трэнінгі і заняткі будуць на беларускай мове. Таксама ў нас будзе акустычны канцэрт РСП. Да нас прыедуць з «Арт-сядзібы» Алесь Снег са сваёй праграмай «Беларускамоўныя». І таксама шэраг іншых гасцей, з імі мы пакуль вядзем перамовы.

Летнікі ў Залессі праводзяцца штогод ад 2009 году. Падрабязней аб умовах удзелу ў Zalesse summer camp і дэдлайне падачы заявак можна даведацца праз падзею ў сацыяльнай сетцы „вконтакте”.

Яўген Скрабец, Беларускае Радыё Рацыя.