Падзел у неафіцыйным Саюзе палякаў у Беларусі
Галоўная рада неафіцыйнага Саюзу палякаў Беларусі прыпыніла ў правах сябру рады былога старшыню Мечыслава Яскевіча і дырэктарку польскай школы Гэлену Дубоўскую. Мечыслаў Яскевіч заявіў, што будзе ствараць новую польскую арганізацыю.
Мечыслаў Яскевіч і Анджэліка Борыс
«Паколькі не выконваецца статут і вядзецца дзейнасць на шкоду Саюзу, мы вымушаныя прадпрыняць такія крокі», – заявіла Анджэліка Борыс.
Паседжанне рады ў Гародні адбывалася два месяцы пасля з’езду СПБ, на якім было абранае новае кіраўніцтва. 10 снежня на пасадзе старшыні Мечыслава Яскевіча замяніла Анджэліка Борыс. Паводле яе, нягледзячы на тое, што мінулі два месяцы, папярэдні старшыня не перадаў ні пасады дырэктара, ні фінансавай дакументацыі фірмы «Крэсовія», якая з’яўляецца фінансавай апорай СПБ.
Галоўная рада запатрабавала ад Яскевіча саступіць з пасады дырэктара «Крэсовіі» і запатрабавала выдаць дакументы фірмы. Калі ён адмовіў, то сябры рады прагаласавалі за прыпыненне Мечыслава Яскевіча ў правах СПБ да высвятлення справы.
Былы старшыня СПБ тлумачыць, што быў гатовы добраахвотна саступіць з пасады дырэктара «Крэсовіі», але яго спрабавалі да гэтага прымусіць, запужвалі і абвінавачвалі ў махлярстве, што, паводле яго, было няпраўдай. Ён заявіў, што будзе ствараць новую арганізацыю «Супольнасць палякаў у Беларусі» і пастараецца яе легалізаваць.
СПБ не прызнаецца беларускімі ўладамі з 2005 году. Фірма «Крэсовія» з’яўляецца ўладальнікам польскай школы ў Гародні, у якой навучаецца каля 700 вучняў. Яе дырэктарка Гэлена Дубоўская стала на баку Мечыслава Яскевіча, у выніку чаго таксама была прыпыненая ў правах сябры Галоўнай рады і адкліканая з пасады дырэктара школы.
Новым дырэктарам была прызначаная старшыня Галоўнай рады СПБ Анджэліка Арэхва.
Фота: belsat.eu