Паехаў па грошы – не вернешся
Аляксандр Лукашэнка зрабіў загад, каб лекары, якія з’ехалі з Беларусі ў Польшчу, не маглі вярнуцца. Праўда, які канкрэтна загад ён аддаў, пакуль не паведамляецца.
– Мы бачым вялікую ўспышку захворвання, асабліва ў суседняй Польшчы. Вы ведаеце, што літаральна 2 дні таму яны пачалі па ўсім свеце збіраць лекараў ды іншы медычны персанал, каб аказваць дапамогу людзям. Вось і ўся казка пра прыгожае жыццё. І асабліва просяць нашых лекараў прыехаць у Польшчу, каб дапамагчы насельніцтву і дзяржаве ў барацьбе з COVID-19. У сувязі з гэтым хачу папярэдзіць, што лішніх лекараў у нас няма. Нам самым трэба лекаваць сваіх людзей, але мы нікога трымаць не будзем. Але трэба разумець: з’ехаў – назад не вернешся, там будзеш працаваць і зарабляць тыя вялікія грошы, па якія ты з’ехаў. Гэта не пагроза, гэта загад.
Як паведамлялася раней, Аляксандр Лукашэнка патлумачыў закрыццё межаў Беларусі для грамадзян Польшчы, Літвы, Латвіі і Украіны выключна меркаваннямі абароны краіны ад распаўсюду каронавіруснай інфекцыі і абверг палітычныя матывы такога рашэння.
Беларускае Радыё Рацыя