Паэту-пчаляру Міколу Папеку ў «справе карагоду»змянілі статус з падазраванага на абвінавачанага



Мікола Папека пацвердзіў: «Так, сёння ў Следчым камітэце Ленінскага раёна Берасця. Дакументы былі па-расейску, дык запатрабаваў перакладу. Да пятніцы 19 лютага падрыхтуюць, буду знаёміцца, з адвакатам».

Са словаў спадара Папекі, адвакат у яго валодае беларускай мовай у поўным аб’ёме. «Для Берасця гэта рэдкасць вялікая, каб людзі з праваахоўных структураў, суддзі, пракурорскія работнікі ўжывалі нашу мову. Неяк дзіўна, усё-такі абласны цэнтр, 330 тысяч насельніцтва, і такі катастрафічны стан у выкананні гэтай часткі беларускай Канстытуцыі».

Мікола Папека індывідуальны прадпрымальнік з Лінова каля Пружан. Мае пасеку пчол. Вядомы таксама як краявед і паэт. Заснаваў сваю Мядовую прэмію. 16 кілаграмаў мёду ўручаў беларускім і замежным літаратарам ужо 19 разоў.

Суды па “справе карагоду” ідуць цяпер у Берасці. 13 верасня 2020 года пасля таго, як грамадзянам перакрылі доступ на плошчу Леніна, дзе пратэстоўцы супраць скандальных прэзідэнцкіх выбараў збіраліся раней, яны рушылі цэнтральнымі вуліцамі да скрыжавання праспекта Машэрава і бульвара Касманаўтаў і там перакрылі рух транспарту. У цэнтры скрыжавання зладзілі карагод, таньчылі і спявалі. Праваахоўнікі разагналі паратэстовую акцыю пры дапамозе вадамёта.

Абвінавачаных у справе некалькі дзясяткаў. Яны раздзеленыя на тры групы. Людзей вінавацяць паводле артыкула 342 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь (“Дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак”). Паводле ўласнай інфармацыі, дзяржаўныя абвінаваўцы ў судах патрабуюць ад паўтара да двух гадоў так званай “хіміі” – абмежаванне волі з накіраваннем або без (так званая “хатняя хімія”) ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Першыя прысуды суддзя раённага суда Ленінскага раёна Берасця Святаслаў Каліна мае агучыць 25 лютага аб 11-й гадзіне.