#ПагоняПобач – у Цэнтры гарадскога жыцця
Гарадзенская пляцоўка, дзе адбываюцца сустрэчы, ладзяцца выставы ды фрымаркеты – Цэнтр гарадскога жыцця далучыўся да грамадскай акцыі #ПагоняПобач.
Падчас акцыі кожны ахвотны зможа задарма атрымаць налепку з нацыянальным сімвалам „Пагоняй”. Распавядае прадстаўнік Цэнтра гарадскога жыцця Сяргей Герман:
– Вельмі важна праяўляць сваю ідэнтычнасць, не баяцца, ганарыцца нашым гербам, нашай слаўнай гісторыяй. Таму мы палічылі сваім абавязкам далучыцца да распаўсюду гэтых налепак: на кожную машыну, самакат, ровар, тэлефон, камп’ютар ды інш. Таму запрашаем гарадзенцаў у Цэнтр гарадскога жыцця, каб скарыстацца такой магчымасцю і ўзяць налепку.
У Гародні падобныя налепкі можна атрымаць у кавярні „Наша Кава”, крамах „Цудоўня” і „Адметнасць”. Акцыя ахапіла беларускія гарады ад Ваўкавыску да Пружанаў, ад Гомеля да Пінску. Грошы на налепкі былі сабраныя талакой на пляцоўцы molamola.by.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
