Пагоршыўся стан здароўя Анатоля Лябедзькі
Пагоршыўся стан здароўя кіраўніка ўстановы „Еўрапейскі дыялог”, былога старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, які адбывае 30 сутак арышту ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна ў Менску.
Пра гэта паведамляюць тыя, хто сядзеў з ім у адной перапоўненай камеры, – кажа цяперашні лідар АГП Мікола Казлоў:
– Ёсць паведамленні пра тое, што ён, як і ўсе палітзняволеныя, палітычна адміністрацыйна арыштаваныя, знаходзіцца ў перапоўненай камеры, дзе ў чатырохмясцовай камеры ўтрымліваюць 16 чалавек. Я ведаю пра тое, што ў яго жонкі не ўзялі лекі для яго, сказалі, што ўсё ёсць, хоць пытанні з меддапамогай там застаюцца. Я здзіўляюся, чаму там не паміраюць людзі. З той якасцю медыцынскай дапамогі, якую могуць аказаць на Акрэсціна, не павінна здзіўляць, калі ў чалавека сардэчны прыступ і ён памёр.
Па словах Міколы Казлова, які сам не так даўно адбыў пакаранне на Акрэсціна, падобныя бесчалавечныя ўмовы, якія можна параўнаць з катаваннем, адміністрацыя стварае наўмысна. „Гэта сур’ёзныя, цяжкія злачынствы, за якія рана ці позна прыйдзецца адказваць”, – упэўнены кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
Беларускае Радыё Рацыя