Пайшла ў лепшы свет Вольга Грыцук



Парафія святога Кірылы Тураўскага (Таронта, Канада) з глыбокім смуткам паведамляе пра адыход у іншы свет спадарыні Вольгі Грыцук (1923–2019) – слыннай дзяячкі беларускай эміграцыі – і выказвае шчырыя спачуванні сям’і яе дачкі Юльяны. 

image.jpg

Вольга Грыцук, як і яе муж Аляксей Грыцук, прымала самы актыўны ўдзел у жыцці беларускай грамады Канады. У 1965 годзе яна была адной з арганізатарак Згуртавання беларускіх жанчын Канады, а ў 1975-м — абраная яго старшынёй, і ўзначальвала яго да 1993 года.

У 2007 годзе ў кніжнай серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” выйшла яе кніга “Мы стваралі сваю Беларусь” з успамінамі і дакументамі, прысвечанымі ў асноўным жыццю і грамадскай дзейнасці Аляксея Грыцука, аднога з лідараў пасляваеннай эміграцыі, які пэўны час узначальваў Згуртаванне беларусаў Канады.

“Тут, у Канадзе, мы адбудавалі сваю Беларусь, мы стварылі яе наўзамен той, якую страцілі і аб якой заўсёды марылі, – пісала яна ва ўспамінах. – Як маглі, стараліся працаваць дзеля яе…”

Днямі спадарыня Вольга Грыцук была ўзнагароджана Медалём да 100-годдзя БНР. Па просьбе сябраў Рады БНР медаль спадарыні Вользе перадалі Валянціна і Юрась Шаўчэнкі, якія часта адведвалі яе і Юльяну Грыцук-Мекарскі…

zbsb.org