Пайшла з жыцця беларуская мовазнаўца Валянціна Лемцюгова
Пайшла з жыцця беларуская мовазнаўца Валянціна Лемцюгова, пра гэта паведаміла старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”.
„З яе імем звязана шмат важных для Беларусі і нашай філалагічнай навукі даследаванняў. Але для мяне найперш яна была добразычлівым чалавекам, унікальнай жанчынай, выдатным навукоўцам, сапраўднай беларускай патрыёткай„, — напісала Алена Анісім.
З 1961 года Валянціна Пятроўна працавала ў Інстытуце мовазнаўства АН БССР. Была старшынёй Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі.
З 1987 года працавала загадніцай аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі.
Даследавала сучасную беларускую мову, анамастыку. Валянціна Лемцюгова з’яўляецца рэдактарам і адным з суаўтараў нарматыўнага тапанімічнага даведніка „Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь” у 6 кнігах, а таксама „Слоўніка мовы „Нашай Нівы” ў 5 тамах. Яна неаднойчы адстойвала беларускую тапаніміку.
Валянціне Лемцюговай было 82 гады.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота nn.by