Пайшла з жыцця гарадзенская журналістка Надзея Сакалова
Не стала славутай гарадзенскай журналісткі Надзеі Сакаловай. Вядомая карэспандэнтка і рэдактарка, якая стаяла ля вытокаў абласной студыі тэлебачання, пайшла з жыцця на 75 годзе, паведамляе tvgrodno.by.
Надзею Сакалову старэйшае пакаленне жыхароў Гародні памятае перш за ўсё па праграме „Толькі па пятніцах”, якая ўзарвала свядомасць людзей у гады перабудовы і першыя гады незалежнасці. За больш чым 10 гадоў існавання праграмы назапашаны багаты архіўны матэрыял.
– Мы выходзілі толькі ў прамым эфіры. У студыю запрашалі абавязкова чыноўніка або іншых адказных асоб. Падставай для гэтага служылі крытычныя сюжэты. На кожнай праграме дзяжурылі рэдактары, якія прымалі тэлефонныя званкі. І трэба сказаць, пытанні задаваліся даволі вострыя, яны агучваліся, – успамінала Надзея Сакалова.
Як успамінаюць вядучыя, новую канцэпцыю падтрымаў былы старшыня абласнога Камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні Іван Граблеўскі. Падабралася чацвёрка вядучых у складзе Кацярыны Шрубейкі, Надзеі Сакаловай, Ігара Лякіна і Віктара Блізняца. Тэмаў хапала: ад рашэння бытавых, камунальных праблем да палітычных.
Падчас вячэрняга эфіру вуліцы пусцелі, усе спяшаліся дадому, каб не прапусціць чарговы востры дыялог на актуальныя тэмы. Упершыню кожны чалавек мог наўпрост атрымаць адказ на пытанне ад любога чыноўніка. А калі хтосьці не прыходзіў на праграму, яго месца пуставала, а вядучыя агучвалі, хто і чаму не прыйшоў. Праграма праіснавала да 1999 года.
Цяпер такой смеласці у дзяржаўнага тэлебачання няма. Перабудова скончылася, незалежнасць трансфармавалася, а смельчакі зніклі …