У Вільні развітаюцца з Алегам Аблажэем
У Вільні сёння развітаюцца з Алегам Аблажэем. Iмша i развiтанне адбудзецца а 18-й гадзiне ў касцёле Св.Барталамея, што на вуліцы Зарачанскай, 17.
Як паведамлялася раней, мастак, пісьменнік, грамадскі дзеяч Алег Аблажэй раптоўна памёр 18 траўня. Прычына смерці – інфаркт. Наконадні, 6 траўня, яму споўнілася 62 гады. Творца нарадзіўся на Гарадзеншчыне ў вёсцы Лезнявічы. Вучыўся ў Віцебску ды Вільні. Займаўся жывапісам, акварэллю, ілюстраваў кнігі. Працы Алега Аблажэя неаднаразова выстаўляліся ў Літве, Польшчы, Нямеччыне, Эстоніі, Латвіі, Беларусі. Аўтар выдаў дзве ўласныя кнігі прозы.
* * *
18 траўня 2016 года ў Вільні раптоўна памёр беларускі мастак, ілюстратар кніг, пісьменнік, грамадскі дзеяч Алег Аблажэй.
Гэта непапраўная страта для беларускай грамады ў Вільні, кажа шматгадовы старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведар Нюнька:
– З Алегам я знаёмы больш за 20 гадоў, разам мы ўдзельнічалі ў дэманстрацыях, руху «Саюдзіс» у барацьбе Літвы за сваю незалежнасць. Увесь гэты час мы падтрымлівалі сувязь, але больш блізкая праца была, калі працавала Таварыства беларускай культуры. Страта для мяне асабіста, як кіраўніка, як дзеяча беларускай культуры. Гэта згуба непапраўная.
Алег Аблажэй доўгі час супрацоўнічаў з Беларускім Радыё Рацыя.
Зусім нядаўна, 6 траўня, яму споўнілася 62 гады. Алег Аблажэй – нараджэнец вёскі Лезнявічы, што на Дзятлаўшчыне.
Займаўся жывапісам, акварэллю, ілюстраваў кнігі. У яго афармленні ў Беларусі выйшлі творы В. Жуковіча «Гуканне вясны», Д. Бічэль-Загнетавай «Гараднічанка», у Маскве — «Шведскія казкі» Э. Хэмінгуэя, «Сербская паэзія», у Вільні — «Казка пра Султана» і інш.
У 1984—1986 гг. у Літве выдадзена серыя канвертаў з партрэтамі літоўскіх дзеячаў, аформленая Алегам Аблажэем, а таксама серыя паштовак. Маляваў таксама партрэты вядомых дзеячаў, краявіды. Любімай яго тэмай была жанчына ў фантастычных строях і проста жанчына. Яго працы выстаўляліся неаднаразова ў Літве, Польшчы, Нямеччыне, Эстоніі, Латвіі, Беларусі.
У Літве імя Алега Аблажэя вядома не толькі як мастака, але і як грамадскага дзеяча. Ён прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці «Саюдзіса», супрацоўнічаў з беларускімі арганізацыямі Вільні. Быў чальцом рады Таварыства беларускай культуры і суполкі мастакоў краін Балтыі «Маю гонар».
Алег Аблажэй доўгі час супрацоўнічаў з Беларускім Радыё Рацыя. На нашай інтэрнэт-старонцы аўтар меў свой блог. Усе яго фельетоны можна пачытаць тут.
Ён меў шмат творчых планаў, задумак. Радаваўся вясне, квітнеючай прыродзе, ды, на жаль, усё абарвалося. Але будуць жыць яго творы:
„І верыць, і баяцца, і прасіць
Ты будзеш, хоць і ведаеш, што нельга,
І хадакі жалезныя насіць,
І жыць, нібыта ў свеце паралельным,
І з вернай да апошняга сястрой
Надзеяй не разлучышся ніколі,
І будзеш ты змагацца сам з сабой
Самотным воінам у чыстым полі…”
Алег Аблажэй
Калектыў Беларускага Радыё Рацыя выказвае спачуванні родным і сябрам творцы.
Беларускае Радыё Рацыя