У апошні шлях праводзяць Анатоля Грыцкевіча (абноўлена)
З Анатолем Грыцкевічам развітваюцца ў Менску. Пахавальныя службы за выбітнага беларускага гісторыка і навукоўца праходзяць у Чырвоным касцёле ў грэка-каталіцкім і рыма-каталіцкім абрадах. Анатоль Грыцкевіч быў сябрам Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ – прыгадвае намеснік старшыні партыі Юрась Беленькі:
– Анатоль Пятровіч – чалавек адраджэння. Усё жыццё, навуковая дзейнасць гэтага высока адукаванага, вельмі шляхетнага чалавека была скіравана да Бацькаўшчыны, да яе адраджэння.
Доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч памёр 20-га студзеня пасля цяжкай хваробы на 86 годзе жыцця. Аўтар першай кнігі пра Слуцкае паўстанне і адзінай беларускай кнігі пра Аршанскую бітву. Беларус, які ведаў свой радавод да дзясятага калена. Адной з апошніх ягоных кніг – гэта “Барацьба за Украіну: 1917-1921″.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Вестка пра смерць Анатоля Грыцкевіча, вядомага беларускага навукоўца, жалем адгукнулася ў Гародні. Краязнаўца Алесь Госцеў добра ведаў прафесара з 1986 года. Шмат у якіх краязнаўчых выдавецкіх праектах Анатоль Грыцкевіч прымаў самы актыўны ўдзел, пра яго ўзгадвае гарадзенскі краязнаўца:
– Анатоль Грыцкевіч – гэта чалавек, які няпроста апантана любіў сваю Радзіму, ён бараніў яе як толькі мог, рабіў гэта свядома, вельмі інтэлігентна. У нас нямала было агульных інтарэсаў. Першы з якіх – гэта Беларусь, яе гісторыя, культура. На гэтым мы і сышліся.
Доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч асабіста дапамог у выданні першага зборніка датаў Гародні “Кронон”, які выйшаў пад аўтарствам Алеся Госцева і Вячаслава Шведа ў 1993 годзе.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
* * *
Увечары 20-га студзеня пасля цяжкай хваробы памёр доктар гістарычных навук, прафесар Анатоль Грыцкевіч. Яму было 85 гадоў.
Анатоль Пятровіч Грыцкевіч нарадзіўся 31 студзеня 1929 году ў Менску. Скончыў медычны, а пазней інстытут замежных моваў. У першай палове нулявых гадоў быў прэзідэнтам Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Даследаваў гісторыю Беларусі перыяду феадалізму, становішча праваслаўнай ды ўніяцкай царквы, Слуцкі збройны чын ды іншыя пытанні.
Летась пабачыла свет ягоная кніга “Сцягі Воршы”, прысвечаная 500-годдзю бітвы пад Воршай.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота nasledie-sluck.by