У Менску развіталіся з незалежным выдаўцом Пятром Марцавым (абноўлена)



У выдаўца і бізнесмена Пятра Марцава, які нечакана пайшоў з жыцця, у апошні час з’явіліся ідэі аб новых праектах, але смерць не дала іх рэалізаваць, – кажа шэф-рэдактарка газеты „Народная Воля” Святлана Калінкіна. Раней яна была галоўным рэдактарам заснаваных Марцавым выданняў, сярод якіх «Белорусская деловая газета». Па словах журналісткі, усе, хто працаваў у гэтых выданнях, успамінаюць часы сумеснай працы з настальгіяй:

– Я размаўляла з калегамі і яны ўсе казалі адно і тое ж. Можа праз некаторы час мы зноў збярэмся і зноў будзем працаваць як раней. І самае для мяне прыкрае, што ў Пятра былі планы. Апошнім часам ён з’арыентаваўся і ў яго былі надзеі на новае, звязанае менавіта з газетнымі праектамі. На жаль, з-за такой раптоўнай хваробы гэтым надзея не здзейсніцца.

Пётр Марцаў не вельмі любіў быць у цэнтры ўвагі. Але на самой справе ён быў рухавіком і сапраўдным стваральнікам „Белорусскай деловой газеты” ды газеты „Имя”. „Марцаў меў непараўнальны дар збіраць і натхняць людзей, умеў цвяроза падзяляць самыя шалёныя ідэі журналістаў на тыя, што можна і што нельга рэалізаваць. Акрамя яго, нешта падобнае ні ў кога больш не атрымаецца,” – адзначыла Святлана Калінкіна.

[Not a valid template]

* * *

У Менску развіталіся з рэдактарам, выдаўцом папулярных выданняў „Белорусская деловая газета” і „Имя”, бізнесменам Пятром Марцавым. Ён памёр у 52 гады ад вострага лейкозу. Развітацца з ім прыйшлі сотні людзей – журналісты, пісьменнікі, палітыкі, бізнесмены, музыканты. Па словах старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанны Літвіной, сама гэтая колькасць прыйшоўшых на развітанне кажа аб значнасці Пятра Марцава:

– Кожны палічыў сваім абавязкам прыйсці і схіліць галаву перад гэтым чалавекам. Для мяне імя Пётр Марцаў – гэта самая яркая старонка найноўшай беларускай журналістыкі. Гэтыя выданні, канешне, ён лічыцца іх выдаўцом, але ён іх і рэдагаваў і кіраваў. Гэта проста зорныя выданні. Таму лёс іх быў такі нешчаслівы, я маю на ўвазе закрыццё гэтых выданняў, таму што гэта было востра, таленавіта, ярка.

Па словах Жанны Літвіной, сыход у росквіце творчых сілаў такога чалавека і прафесіянала як Пётр Марцаў – гэта сур’ёзная, трагічная страта для беларускай журналістыкі. Суцяшае тое, што ён паспеў зрабіць вельмі шмат. І зробленае застанецца назаўжды.

 Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Развітанне з Пятром Марцавым пройдзе сёння, 15 верасня. Цырымонія развітання адбудзецца ў Менску, у рытуальнай зале на Альшэўскага з 12-ай – да 15-ай гадзінаў.

Вядомы выдавец і журналіст памёр вечарам 13-га верасня. Два з паловай тыдні таму ў Пятра Марцава выявілі востры лейкоз. У суботу ён памёр, не прыходзячы ў прытомнасць.

Пётр Марцаў быў заснавальнікам такіх выданняў, як „Белорусская деловая газета“ ды „Имя“, старшынём Рады Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў. Пётр Марцаў прызнаны адным з самых уплывовых прадстаўнікоў мас-медыяў на прасторы СНД.

* * *

Пётр Марцаў памёр у лякарні, не прыйшоўшы ў прытомнасць. Прычынай смерці стаў востры лейкоз.

Пётр Марцаў нарадзіўся 14 красавіка 1962 года. Скончыў філфак БДУ і спачатку працаваў настаўнікам у школе, а потым стаў журналістам. Быў вымушаны звольніцца з пасады старшага рэдактара БелТА пасля ўдзелу ў мітынгу ў Курапатах.

У 90-х гадах пачаў выдаваць незалежную прэсу: яму належалі папулярныя “Белорусская деловая газета” і штотыднёвік “Имя”.

Пётр Марцаў уваходзіў у дваццатку найбольш уплывовых прадстаўнікоў мас-медыя краін СНД.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота kyky.org