Пайшоў з жыцця паэт і мастак Міхал Анемпадыстаў
25 студзеня ў Менску развіталіся з паэтам і мастаком Міхалам Анемпадыставым. Ён памёр 24 студзеня на 54-м годзе жыцця.
Алена Дашкевіч, удава Міхала Анемпадыстава: „Вядома, гэта нечакана і раптоўна. Планы былі неверагодныя. Мы збіраліся рабіць альбом. Я спадзяюся, ён будзе. Тэкст напісаны, музыканты робяць гэты праект. Гэта будзе ўжо як памяць. Міхал ніколі ад нас не сыдзе. Вы ведаеце, колькі ў яго вучняў, паслядоўнікаў. Міхал — гэта ўжо не проста мастак, паэт, ён — сімвал. І шмат людзей пойдзе за той справай, якую ён пачынаў”.
***
У Менску сотні людзей прыйшлі развітацца з паэтам і мастаком Міхалам Анемпадыставым. Развітанне праходзіць у культурнай прасторы на вуліцы Кастрычніцкай. Стваральніка «Народнага альбома» і хітоў 1990-х пахаваюць на Чыжоўскіх могілках.
Беларускі дызайнер, графік, фатограф, паэт і перакладчык Міхал Анемпадыстаў памёр ва ўзросце 53 год.
Раней паведамлялася, што ён у крытычным стане бы дастаўлены ў лякарню пасля таго, як у ноч на 23 студзеня нібыта заснуў за камп’ютарам.
“Няма зараз такога чалавека, які зможа запоўніць пустэчу, якая засталася пасля сыходу выбітнага беларускага паэта і мастака”. Так пра яго кажуць на Падляшшы, дзе Міхала добра ведалі, у тым ліку як нязменнага сябра фестывалю “Бардаўская восень”. Кажа адзін з арганізатараў фестывалю Ігар Лукашук:
– Міхал быў амаль што ўвесь час сябрам журы нашага фестывалю. Таксама ён ствараў мастацкую прастору фестывалю, ён быў стваральнікам афішаў і плакатаў «Бардаўскай восені». І дзякуючы гэтаму я лічу, што «Бардаўская восень» была прасякнута Міхалам Анемпадыставым. І фактычна цяпер уявіць сабе «Бардаўскую восень» без таго, што ёй даваў Міхал, без прысутнасці яго асобы на фестывалі вельмі цяжка.
Старшыня Асацыяцыі беларускіх журналістаў у Польшчы Тамаш Суліма прыгадвае пра тое, што Міхал Анемпадыстаў стварыў легендарны “Народны альбом”:
– Гэта вялікая страта для беларускай культуры. Амаль усе ведаюць пра такі праект, як «Народны альбом». З яго шмат хто пачынаў цікавіцца, адраджаць беларускую культуру. Я, напрыклад, таксама памятаю гэтую прэм’еру. Таму «Народны альбом» – гэта таксама Міхал Анемпадыстаў.
У гэтым годзе споўніўся б сімвалічны юбілей – 20 гадоў Анемпадыстава з фестывалем “Бардаўская восень”.
«Бачыліся з ім яшчэ падчас апошняй „Бардаўскай восені”, дзе разам былі сябрамі журы», – узгадвае дырэктар другога Агульнаадукацыйнага ліцэя з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім Андрэй Сцепанюк.
– З яго постаццю асацыюецца “Народны альбом”, які тут, на бельскай сцэне, быў паказаны. Дасканала памятаю, як ён перажываў. А потым, калі селі пры вячэры, як яго ўсцешылі тыя словы, якія палі з маіх вуснаў, што гэта адно з самых вялікіх дасягненняў беларускай культуры. І таму пакуль што цяжка пагадзіцца з гэтай думкай, што гэтага чалавека ўжо няма разам з намі. Перакананы, што ён застанецца ў памяці многіх людзей як чалавек выбітны.
Старшыня Асацыяцыі беларускіх журналістаў у Польшчы Тамаш Суліма пазнаёміўся з Міхалам Анемпадыставым каля 15 гадоў таму на фестывалі «Бардаўская восень». Часта размаўляў з творцам пра беларускія справы, а кнігу «Колер Беларусі», выдадзеную летась, называе справай жыцця Міхала.
– Запомнілася нашая размова, якую надрукавалі ў “Czasopisie”, гэта было год назад. Размова адбылася яшчэ да выхаду апошняй кнігі. Размова пад назвай “Ахраматычныя беларусы”. Кніга сталася справай яго жыцця, якая адкрывае многія тэмы тоеснасці і ідэнтычнасці беларусаў, тое, што адчуваецца ў сэрцы. Апрача гэтага болю, гэтай крыўды, што Міхала не стала, свет беларускай культуры, мастацтва без яго застаецца ахраматычным – без колераў.
Вядомага паэта і мастака Міхаіла Анемпадыстава пахаваюць на Чыжоўскіх могілках Менска 25 студзеня.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
„Гэта сумная вестка з Менска,”- кажа Надзея Артымовіч, знакамітая беларуская паэтка з Бельска Падляшскага. – „Маё знаёмства з Міхалам ад самага пачатку было інтэнсіўнае ў сэнсе чалавечым,” – адзначае паэтка.
– Міхал Анемпадыстаў. Простыя словы. Словы знікаюць. Дык што? Простыя рэчы. Дык што? Толькі памяць. Дык што? Смерць. Памяць.
***
«Гэта быў адзін з нешматлікіх беларусаў з Менска, які па-сапраўднаму разумеў нас, беларусаў Падляшша,» – так Міхала Анемпадыстава ўзгадвае стваральнік інтэрнэт-бібліятэкі «Камунікат», журналіст Яраслаў Іванюк:
– Я з ім сустрэўся 14 студзеня, на праваслаўны Новы год, у Нарве. Святкавалі Новы год, абмяркоўвалі сітуацыю, у якой апынулася беларуская меншасць тут. Ён прапанаваў, каб у бліжэйшым часе правесці інтэлектуальную гульню, якая дапаможа нам вызначыцца з тым, у якім мы стане апынуліся і што рабіць далей. І гэта, як мне здаецца, такі запавет Міхала Анемпадыстава.
«Сёння не стала маладога чалавека, які за жыццё пакінуў пасля сябе помнік,» – кажа прафесар Алег Латышонак:
– Я сустракаў яго пры нагодзе канцэртаў. «Народны альбом» – гэта тое незабыўнае, што застанецца ад яго на доўгія-доўгія гады. «Народны альбом» – гэта адна з найважнейшых падзеяў культуры мінулага 25-годдзя незалежнай Беларусі. І як аўтара «Народнага альбома» Міхал застанецца ў нашай памяці, у беларускай культуры.
Міхал Анемпадыстаў прыязджаў на Беласточчыну вельмі часта, быў цесна звязаны з фестывалем бардаўскай песні ў Бельску Падляшскім, быў аўтарам плакатаў «Бардаўскай восені», а таксама сябрам журы фестывалю.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года ў Менску. Дызайнер, фатограф, графік, паэт, публіцыст. Сябра Беларускага саюзу дызайнераў і Беларускага ПЭН-клубу.
Анемпадыстава называюць адным са стваральнікаў беларускай рок-паэзіі – ягоныя вершы сталі песнямі N.R.M., «Новага Неба», Змітра Вайцюшкевіча, IQ48 ды іншых. Ён быў аўтарам славутага «Народнага альбому» (прызнанага «Альбомам году» на «Рок-каранацыі-1997»), перакладаў польскія рок-хіты для беларускіх спевакоў. «Чалавек года-2006» па версіі інтэрнэт-парталу «Тузін гітоў».