Пайшоў з жыцця паэт Ігар Канановіч



Малады беларускі паэт, аўтар кнігі «Астэроід» трагічна загінуў 19 чэрвеня. Паэт памёр, не дажыўшы месяц да 33 гадоў. Раьвітанне з Ігарам Канановічам пройдзе 21 чэрвеня на яго малой радзіме, у Клецку па адрасе: горад Клецк, вул. Перамогі, д. 93 кв. 28.

kananowicz_igar2

Як паведамляе «Наша Ніва», менавіта Канановіч быў тым, хто ўпаў з даху на Кастрычніцкай плошчы (следчыя разглядаюць розныя версіі, у тым ліку самагубства).

Дакладныя абставіны здарэння пакуль невядомыя. Цела Ігара Канановіча знайшлі на рагу праспекта Незалежнасці і вуліцы Энгельса, паводле сведчання відавочцаў, ён упаў з даху дома №23 па праспекце Незалежнасці.

У 2013 годзе падобнай смерцю пайшоў з жыцця гарадзенскі паэт Юры Гумянюк.

Ігар Канановіч родам з Клецка. Скончыў філфак БДУ. З 2008-га па 2013 год ён выкладаў мову і літаратуру ў Сіняўскай і Карацкай школах Клецкага раёна. Пасля жыў у Менску, пэўны час працаваў грузчыкам у гіпермаркеце, здымаў пакой у Бараўлянах. У 2015 годзе ён быў прыняты ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Друкаваўся ў часопісах «Дзеяслоў», «Верасень», «Літаратурная Беларусь». Аўтар кнігі паэзіі «Астэроід» (2015), якая намінавалася на прэмію імя Максіма Багдановіча «Дэбют».