Пайшоў з жыцця вядомы беларускі мастак і дызайнер Алег Усціновіч



Пайшоў з жыцця вядомы беларускі мастак і дызайнер Алег Усціновіч, паведамілі яго сябры ў „Фэйсбуку”. Яму было 53 гады.

Алег Усціновіч — неаднаразовы пераможца і лаўрэат міжнародных біенале графічнага дызайну і фестываляў рэкламы ў жанры плаката і фірмовага стылю.

Нарадзіўся ў 1966 годзе. У 1977—1984 гадах атрымаў профільную сярэднюю адукацыю: скончыў Рэспубліканскую школу па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка, мастацкае аддзяленне.

У 1988—1991 гадах працаваў праекціроўшчыкам у майстэрнях Мастацкага фонду РСФСР у Хабараўску.

У 1986—1987 гадах вучыўся ў Менскім інстытуце культуры.

У 1991—1996-м атрымаў профільную вышэйшую адукацыю: скончыў факультэт дызайну Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

У 1997—2005 гадах — арт-дырэктар РА „Белая Карона”, аднаго з вядучых РА full service (топ-5) Беларусі.

У 2000 годзе — педагог Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка на кафедры прыкладнога мастацтва.

У 2005—2010 гадах працаваў у Маскве ў сферы рэкламы і дызайну.

У 2010 годзе вярнуўся ў Менск, быў свабодным мастаком, дызайнерам.

Захапляўся ўсходняй культурай, каліграфіяй.

Член Беларускага саюза дызайнераў, жывапісец, кераміст. Удзельнік шматлікіх мастацкіх праектаў і выстаў. Працаваў у журы некалькіх міжнародных фестываляў рэкламы.

БелаПАН