Пакаралі штрафам яшчэ аднаго праціўніка акумулятарнага завода



За ўдзел 14 красавіка ў шэсці праціўнікаў акумулятарнага завода аштрафаваная актывістка Людміла Карчэўская.

Як паведаміў праваабаронца Раман Кісляк, 20 мая суд Ленінскага раёна Берасця абвінаваціў Карчэўскую на падставе ч. 3 арт. 23.34 КаАП і прызначыў пакаранне ў выглядзе 20 базавых велічынь (510 рублёў) штрафу.

У кастрычніку 2018 года гэты ж суд аштрафаваў Карчэўскую на 5 базавых велічынь (122,5 рубля) за ўдзел у акцыі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, якая прайшла 14 кастрычніка на плошчы Леніна ў Берасці.

Кісляк адзначыў, што раней, у маі бягучага года, суд Ленінскага раёна аштрафаваў двух актывістаў за ўдзел у шэсці праціўнікаў акумулятарнага завода па цэнтральных вуліцах горада 7 красавіка.

У красавіку гэтым судом таксама на падставе арт. 23.34 КаАП былі аштрафаваныя 16 актывістаў: дзесяць — за ўдзел у шэсці праціўнікаў завода 7 красавіка, пяць — за ўдзел у аналагічным шэсці 14 красавіка, адна актывістка — за раздачу жоўтых балонікаў 31 сакавіка на плошчы Леніна.

Нагадаем, 7 і 14 красавіка грамадзяне чарговы раз сабраліся на плошчы Леніна. Затым яны прайшлі па цэнтральных вуліцах Пушкінскай і Савецкай да ЦУМа на праспекце Машэрава. Удзельнікі шэсця скандавалі: „Не заводу!”

„На гэтым тыдні намячаюцца суды яшчэ над чатырма актывістамі, якія ўдзельнічалі ў такіх шэсцях, — сказаў праваабаронца. — Гэта робіцца для таго, каб людзі спалохаліся і перасталі прыходзіць на плошчу ў знак пратэсту супраць акумулятарнага завода. Але яны не баяцца такога націску”.

З 3 мая каля прадпрыемства кругласутачна, змяняючы адзін аднаго, дзяжураць актывісты. Яны лічаць, што завод, яшчэ не прыняты ў эксплуатацыю, ужо фактычна працуе і выкідвае ў паветра шкодныя рэчывы. На думку актывістаў, пад выглядам пусканаладачных работ прадпрыемства ўжо паўнавартасна выпускае прадукцыю. Праціўнікі завода фіксуюць факты, якія, на іх думку, пацвярджаюць гэта, і накіроўваюць звароты аб парушэннях у адпаведныя інстанцыі.

БелаПАН

Фота spring96.org