Пакаралі штрафам за бел-чырвона-белы сцяг на балконе



Жыхар Бярозы Дзмітрый Труцько пакараны штрафам у 10 базавых велічынь, што складае 290 рублёў за бел-чырвона-белы сцяг на сваім балконе.

Бярозаўскія міліцыянты і суддзя Бярозаўскага раённага суда Алена Нямкова ўбачылі ў бел-чырвона-белым сцягу масавае мерапрыемства, якое такім чынам правеў Труцько. У аперацыю “сцяг” была задзейнічана служба ДАІ. Як стала вядома ў судзе, супрацоўнікі дарожнага парадку па загаду зверху цяпер павінны сачыць за вокнамі і балконамі. Імі быў напісаны рапарт і адпраўлены ў службу грамадскай бяспекі. Труцько быў затрыманы на 72 гадзіны, а ў кватэры праведзены агляд, кажа сябра праваабарончага цэнтра „Вясна” Сяржук Русецкі:

– Нехта з міліцыянтаў-даішнікаў, якія ехалі па дарозе, убачылі на балконе бел-чырвона-белы сцяг. Напісалі пра гэта рапарт, што сцяг на балконе з’яўляецца пікетам. Паколькі гэта прыватная тэрыторыя, то фактычна гэта ніякім чынам не падпадае пад дзеянне закона пра масавыя мерапрыемствы, на падставе якіх і быў складзены пратакол пра масавае мерапрыемства.

Паводле праваабаронцы, па справе было 4 судовых працэсы з-за шматлікіх памылак у прадстаўленых міліцыянтамі дакументах. У справу былі ўцягнуты значныя сілы. Няўжо ў Бярозе перавяліся сапраўдныя парушальнікі парадку і закону, калі прыярытэтам стала барацьба з гістарычнай нацыянальнай сімволікай. І аплачваецца гэта беззаконне і непрафесіяналізм, на жаль, з народнай кішэні.

 

Начальнік аддзела грамадскага парадку Пракурат.

Суддзя Алена Нямкова.

Супрацоўнік аддзела грамадскага парадку Жаўнерук.

Беларускае Радыё Рацыя