Пакаранне за сюжэт пра турыстычны патэнцыял Гародні (абноўлена)
Штрафам па 750 рублёў (30 базавых велічыняў) пакараў суддзя Ленінскага раёна Гародні Руслан Гурын журналістаў-фрылансераў Алеся Дзянісава і Алеся Кіркевіча за матэрыял пра гарадзенскія сутарэнні, які з’явіўся ў снежні 2018 года на тэлеканале „Белсат”.
Алесь Кіркевіч каментуе рашэнне суддзі:
– Вынік прадказальны, усе чакалі штрафу. Наўрад ці даводзіцца чакаць нейкіх апраўдальных прысудаў. Аспрэчваць канешне будзем, будзем далей пісаць, абскарджваць. Ілюзіяў не меў. Па маім перакананні, журналістаў трэба судзіць за паклёп, за дзейнасць супраць сваёй дзяржавы, супраць Беларусі. А не за тое, што ты робіш матэрыялы пра культуру, пра гісторыю, пра турыстычны патэнцыял горада. Гэта нонсэнс, гэта поўнае трызненне.
Для журналіста Алеся Дзянісава матэрыял – гэта рэклама патэнцыялу горада:
– Калі ты робіш нейкі палітычны матэрыял ці сацыяльны, тады, можа быць, рэжым і павінен баяцца. Калі ты робіш цалкам бяскрыўдны культурніцкі матэрыял, які нават рэкламуе краіну і наш горад, пра тыя ж сутарэнні, глядзіце, гэта ўсё развіваецца – крута. Цябе потым за гэта яшчэ і судзяць. Ну, гэта ўвогуле фантастыка проста.
Журналісты збіраюцца абскарджваць рашэнне суддзі ў абласным судзе, каб дабіцца адмены несправядлівага рашэння суддзі Гурына.
Праваабаронца Уладзімір Хільмановіч упэўнены, што, караючы журналістаў штрафамі, беларускія суды займаюцца палітычным пераследам:
– Чарговы ганебны адміністрацыйны працэс, не вядома, кім і з якога кабінета заказаны. Пайшоў загад. Але мы ведаем, што ажыццяўляе рэпрэсіі суд Ленінскага раёна, які адпавядае сваёй назве. І адказнасць няхай ляжыць на прадстаўніках міліцыі, такім чынам, калі яны складаюць такія пратаколы, а таксама на прадстаўніках суда Ленінскага раёна (суддзя Руслан Горын і старшыня суддзя Наталля Собалева), якія ажыццяўляюць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да журналістаў-фрылансераў.
На думку журналіста Дзяніса Івашына, такія вялікія сумы штрафаў сведчаць пра адсутнасць у беларускай дзяржавы грошай:
– Дзяржава працягвае выконваць рэпрэсіўныя функцыі перадусім у дачыненні да журналістаў – тых людзей, якія інфармуюць грамадства пра самыя важныя справы. І стаіць задача працягваць гэты каток рэпрэсій, каб у шмат каго адбіваць жаданне быць журналістам, працаваць для грамадства. Вось гэтыя сумы штрафаў таксама сведчаць і пра пэўныя фінансавыя цяжкасці ў дзяржавы.
Для журналіста Алеся Дзянісава штраф па артыкуле 22.9 стаў ужо 4-м па ліку за апошнія некалькі гадоў, а Алесь Кіркевіч пакараны за супрацу з «Белсатам» за апошнія 5 гадоў другі раз.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня