Паказальны суд над педагогам у Менску



Пракуратура Фрунзенскага раёна Менска арганізавала паказальны суд над педагогам па «пратэстным» артыкуле.
Выязное пасяджэнне суда адбылося ў тэрытарыяльным упраўленні па адукацыі. Жанчыне інкрымінаваўся «актыўны ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах». Як вынікае з паведамлення пракуратуры, размова ідзе аб акцыях у жніўні і верасні 2020 года.

«У групе з іншымі грамадзянамі яна знаходзілася на праезнай частцы і паблізу ад цэнтральных вуліц сталіцы, чым блакавала і заступала шлях транспартным сродкам. У судовым паседжанні жанчына цалкам прызнала сваю віну і раскаялася ў зробленым. Паказала, што паддалася дэструктыўнаму ўплыву», – паведамілі ў пракуратуры.

У выніку педагога асудзілі па ч. 1 арт. 342 на тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Прыгавор яшчэ не набыў законную моц.

Беларускае Радыё Рацыя