Паказуха ці пагроза?



Праваабаронца і былы следчы пракуратуры Алег Волчак распавядае пра тое, чаму высокія чыноўнікі ўзяліся за зброю.

18 лютага старшыні аблвыканкамаў і Менгарвыканкама, а таксама некаторыя іх намеснікі былі выкліканыя ў Менск на вучэнні войскаў тэрытарыяльнай абароны.

Напярэдадні гэтага збору Аляксандр Лукашэнка даў дзяржсакратару Савета бяспекі Станіславу Засю і міністру абароны Андрэю Раўкову загад праверыць, «як бегаюць, як страляюць, як апрануты, як сілкуюцца і гэтак далей. Усё павінна быць па-сур’ёзнаму. Пракантралюйце гэта. І ў сродкі масавай інфармацыі ўсё гэта даць, каб людзі гэта бачылі. А не тое, што яны прыйдуць у гальштуках і будуць слухаць, што вы ім там будзеце распавядаць. Сёння ў гальштуках, заўтра ў ваенных штанах генерал-маёраў».

РР: Ці была вялікая неабходнасць, каб чыноўнікі правяралі сваё ўменне страляць?

Алег Волчак: Мне падаецца, што кіраўнікі абласцей лепш займаліся б эканомікай ды гаспадаркай у сваіх рэгіёнах, чым ездзілі па палігонах. Які наогул сэнс збіраць людзей, якія ўжо забыліся пра армію, а можа і наогул там ніколі не былі? Абарона краіны ўмацуецца, калі старшыня Менскага аблвыканкама два разы стрэліць па мішэні? Увогуле, каб узначальваць рэгіянальныя штабы, трэба найперш мець ваенную адукацыю. Хоць, магчыма, чыноўнікаў сабралі не проста так. Можа быць, улады валодаюць нейкай інфармацыяй, што існуе рэальная небяспека ўзнікнення канфліктнай сітуацыі. Вось і вырашылі праверыць свае сілы. Праўда, калі казаць пра эфектыўнасць мерапрыемства, то тут не бачу нагоды для высокіх слоў.

РР: А адкуль можа быць небяспека, калі Еўропа днямі зняла санкцыі з афіцыйнага Менску, з Крамлём таксама, здаецца, асабліва не сварыліся?

Алег Волчак: Вось тут з боку ўладаў якраз і ёсць недасказанасць. Каго яны сёння баяцца? Пашырэння НАТА? Ветлівых зялёных чалавечкаў з Усходу, якія ўжо сядзяць у Крыме і на частцы Ўкраіны? Тут можна толькі здагадвацца пра нешта, але, на мой погляд, той жа Лукашэнка валодае больш поўнай інфармацыяй і разумее, што пагроза для незалежнасці існуе. Але тады трэба не старшынь аблывканкамаў ганяць па палігоне, а ўмацоўваць армію. А то, шчыра кажучы, чыноўнікі выглядалі крыху смешна ў гэтай сітуацыі.

РР: Можа быць, такім чынам вырашылі зрабіць паказуху, каб адцягнуць увагу людзей ад сацыяльных праблем?

Алег Волчак: Не думаю. На стогны людзей і так ужо ніхто не звяртае ўвагі, а народ ад розных “піяр-акцыяў” багацейшы не становіцца. Сёння, пакуль чыноўнікі страляюць, людзі шукаюць капейкі, як сям’ю пракарміць.

000022_FEC39D8D97F582CC43257F5D00480F04_854715

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя