Паказуха ў Балбасаве перад візітам Лукашэнкі



3-га лістапада ў гарадскі пасёлак Балбасава Аршанскага раёна чакаецца візіт кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Менавіта каля пасёлка будуецца лагістычны цэнтр і ёсць планы аднаўлення авіязавода. Аднак маштабны рамонт Балбасава, пра які мясцовыя ўлады заявілі некалькі месяцаў таму, насамрэч выглядае толькі фасадным, сапраўды знешні выгляд змяніўся толькі на галоўнай вуліцы, усе астатнія месцы засталіся занядбанымі, як і раней.

З падрабязнасцямі наш карэспандэнт Кастусь Багушэвіч:

– Пасля скандальнага жнівеньскага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Аршанскі раён, мясцовыя ўлады заявілі, што ў Балбасаве да 7-га лістапада будзе наведзены парадак. Пачаўся рамонт ходнікаў, у пасёлку паставілі новыя шапікі прадпрыемства “Віцебскаблсаюздрук”. На словах абяцалі рамонт інтэрната ў якім жыве некалькі соцень чалавек. Візіт Лукашэнкі чакаецца ўжо ў суботу, а Балбасава мае толькі адну адрамантаваную вуліцу. Дамы, якія стаяць на ёй, ацепленыя і пафарбаваныя толькі з боку галоўнай вуліцы. Іншы бок дамоў і двароў застаўся такім, якім быў 25 гадоў таму, калі Лукашэнка толькі стаў прэзідэнтам. Існуе верагоднасць, што рэканструкцыя будзе прыпынена 1-га лістапада, а мясцовыя камунальныя службы пакуль не ў стане нічога абяцаць.

Візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Балбасава чакаецца 3-га лістапада. Мясцовыя жыхары кажуць, што ўжо згодна з месцамі, дзе выкананы рамонт, зразумела, па якім маршруце яго павязуць. Рэальных зменаў жыхары пакуль не дачакаліся.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара